Да юбілею Якуба Коласа

3 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа

Аддаленасць часу не робіць творчасць Якуба Коласа менш значнай. Наадварот, яна набывае ўсё большую актуальнасць, а талент пісьменніка прадаўжае прыцягваць увагу сучасных чытачоў.

Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (сапраўднае імя Я. Коласа) нарадзіўся ў в. Акінчыцы Мінскага павета ў сям’і лесніка. Вучыўся ў Мікалаеўскім народным вучылішчы, у 1898 г. паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, пасля заканчэння якой працаваў настаўнікам на Палессі. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе быў пазбаўлены права на працу і тры гады адбываў пакаранне ў Мінскім астрозе. Пасля вызвалення настаўнічаў у Пінску. У верасні 1915 г. Я. Колас быў прызваны ў армію. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква) служыў у Пярмі. Летам 1917 г. быў накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і апынуўся ў г. Абаянь, дзе ў той час знаходзілася яго сям’я. У 1921 г. вярнуўся на Беларусь.

З гэтага часу пачаўся новы перыяд у жыцці і творчасці пісьменніка. Ён працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы БССР, літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры, выкладаў у педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1926 г. Я. Коласу было прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі. У 1928 г. паэт стаў правадзейным членам Акадэміі навук БССР, з 1929 г. быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР.

Свае першыя творы Я. Колас пісаў на рускай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску “Наш родны край” (газета “Наша доля”, 14 верасня 1906 г.). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік яго вершаў “Песні-жальбы”, затым – кнігі прозы “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914). Асобнымі выданнямі былі надрукаваны апавяданні “Нёманаў дар” і “Тоўстае палена” (абодва ў 1913 г.).


                         

1920-я гг. былі надзвычай плённымі ў творчасці Я. Коласа. У гэты час ён стварыў паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, выдаў паэтычны зборнік “Водгулле”, кнігу апавяданняў “Казкі жыцця”, напісаў аповесці “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”, якія склалі аснову трылогіі “На ростанях”.


                                  

У 1930-я гг. Я. Колас шмат часу прысвячаў клопатам аб развіцці беларускай мовы, літаратуры і культуры. Пісьменнік выступаў з вершаванымі творамі, апублікаваў аповесці “Адшчапенец” і “Дрыгва”, п’есы “Вайна вайне” і “У пушчах Палесся”, працаваў над паэмай “На шляхах волі”. У час Вялікай Айчыннай вайны Я. Колас разам з сям’ёй знаходзіўся ў Ташкенце. Нягледзячы на складаныя сямейныя абставіны паэт працягваў займацца творчай працай: напісаў паэмы “Суд у лесе” і “Адплата”, прысвечаныя беларускім партызанам, кнігу вершаў “Голас зямлі”.


                              

Якуб Колас – драматург, публіцыст і літаратурны крытык, аўтар перакладаў твораў А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча. Паэт шмат зрабіў і для развіцця дзіцячай літаратуры: ён аўтар паэмы “Міхасёвы прыгоды”, казкі “Рак-вусач”, зборнікаў вершаў і прозы, апрацовак беларускіх народных казак.

 

                                 

 

З 1959 г. у Мінску дзейнічае Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа і яго філіялы: мемарыяльныя сядзібы “Акінчыцы”, “Смольня”, “Альбуць”, “Ласток”. Іменем народнага паэта названы Інстытут мовазнаўства, Нацыянальны драматычны тэатр, школы і гімназіі, вуліцы, скверы і плошчы. Помнікі Я. Коласу знаходзяцца ў Мінску, Мікалаеўшчыне, Навагрудку і інш. Даследаваннем жыцця і творчасці песняра займаюцца сучасныя даследчыкі, яго творы друкуюцца штогод.

На партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі размешчаны віртуальны праект “Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас”. У чэрвені 2022 г. у НББ адбылося адкрыццё літаратурна-мастацкай выстаўкі “Песняры зямлі беларускай”, прысвечанай 140-гадоваму юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.