
Гісторыя беларускай культуры была б няпоўнай без імені выдатнага мастака-экспрэсіяніста XX ст. Хаіма Суціна.
Нарадзіўся ён у Смілавічах у шматдзетнай сям’і краўца. З малых гадоў хлопчыка вабіла маляванне. У чатырнаццацігадовым узросце Хаім апынуўся ў Мінску, дзе перабіваўся выпадковымі заробкамі, час ад часу наведваў урокі жывапісу ў школе малюнка Я. Кругера. У 1910 г. паступіў у Віленскую рысавальную школу І.П. Трутнева, дзе талент маладога мастака заўважыў багаты мецэнат. Дзякуючы яго дапамозе ў 1913 г. Суцін трапіў у Парыж.
Пачаўся новы этап у жыцці мастака. Спачатку яго жыццё было вельмі цяжкім: Суцін працаваў грузчыкам, насільшчыкам, вартаўніком, дэкаратарам і натуршчыкам. Нягледзячы на цяжкасці, мастак настойліва імкнуўся да сваёй мэты і паступіў у Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы, стаў наведваць майстэрню знакамітага мастака Ф. Кармона. Аднак найлепшай школай для Х. Суціна стаў Луўр, дзе ён капіраваў палотны класікаў Адраджэння, вывучаў шэдэўры Рэмбранта, Ж. і Ф. Клуэ, Г. Курбэ і інш.
Новая старонка жыцця мастака пачалася ў “Ля Руш” (“Вулеі”). “Вулей” быў створаны скульптарам А. Бушэ як майстэрня і інтэрнат для маладых мастакоў.
Тут у Х. Суціна з’явіліся новыя сябры. Асабліва блізкія адносіны склаліся ў яго з А. Мадыльяні, адным з самых вядомых майстроў экспрэсіянізму канца XIX – пачатку ХХ ст. Ён узяў маладога мастака пад сваю апеку, пазнаёміў з яго творчасцю галерыста Л. Збароўскага. У 1927 г. у Парыжы адбылася першая персанальная выстаўка Х. Суціна, затым работы мастака выстаўляліся ў Амерыцы і Англіі. У 1929 г. выйшла першая кніга, прысвечаная яго творчасці.
У першай палове XX ст. менавіта Х. Суцін адыграў ролю аб’яднальніка старых жывапісных традыцый і сучаснага мастацтва. Дзякуючы яго авангарднай манеры пісьма класічныя сюжэты і вобразы поўнасцю пераўтвараліся, надзяляліся пачуццёвай экспрэсіяй. Усё творчае жыццё Хаім Суцін працаваў у трох жанрах – нацюрморце, пейзажы і партрэце.
Нацюрморты Х. Суціна адрозніваюцца яркай колеравай гамай, у якой пераважаюць чырвоныя, сіне-зялёныя і залацістыя тоны: “Нацюрморт з селядцамі (Селядцы і відэльцы)”, каля 1916); “Нацюрмотр з круглым сталом” (каля 1917); “Чырвоныя гладыёлусы”, “Нацюрморт з фазанам” (абодва каля 1919); “Нацюрморт са скрыпкай, хлебам і рыбай” (каля 1922); “Рыбы і памідоры” (1924); “Туша быка” (каля 1925) і інш.
У пачатку 1920-х гг. мастак жыў на поўдні Францыі. Тут ён стварыў каля 200 пейзажаў: “Чырвоныя дамы” (каля 1917), “Пейзаж з дамамі”, “Чырвоная лесвіца ў Кань” (абодва каля 1918); “Горны пейзаж” (каля 1920); “Дамы” (1920–1921); “Дрэва у Вансе” (каля 1929); “Лесвіцы ў Шартры” (каля 1933);
Хаім Суцін вынайшаў сваю арыгінальную тэхніку стварэння партрэта: галоўным ён лічыў перадачу ўнутранага стану чалавека, а знешняе падабенства, вопратка і інтэр’ер не мелі вялікага значэння: “Аўтапартрэт” (каля 1917); “Чалавек, які моліцца (Г-н Расін)”; (каля 1921), “Партрэт скульптара Оскара Мешчанінава”, “Жанчына ў чырвоным” (абодва каля 1923–1924); “Партрэт Мадлен Кастэн” (каля 1929) і інш.
Значную частку партрэтаў Хаіма Суціна складаюць выявы простых людзей: “Хлопчык з цацкай”, “Дзяўчынка з лялькай” (абодва каля 1919); “Стары” (каля 1921); “Маленькі кандытар” (1922–1923); “Грум” (каля 1925); “Хлопчык-харыст” (1928); “Жанчына, якая ўваходзіць у ваду” (1931); “Дзіця ў блакітным, якое сядзіць” (каля 1937); “Мацярынства” (1942) і інш.
У час Другой сусветнай вайны Х. Суцін знаходзіўся ў акупіраванай нацыстамі Францыі. У гэты перыяд у яго абвастрылася хранічная хвароба страўніка, і ў жніўні 1943 г. ён памёр.
Доўгі час беларускія даследчыкі мала ведалі аб жыцці і творчасці Х. Суціна. Сёння мастацтвазнаўцы ставяць імя мастака ў адзін рад з імёнамі А. Мадыльяні, П. Пікаса, М. Шагала і інш. Карціны нашага земляка ўпрыгожваюць музеі і галерэі Францыі, ЗША, Японіі, Англіі, Германіі, Ізраіля, Італіі.
Першы жывапісны твор Х. Суціна – карціна "Вялікія лугі ў Шартры каля віядука", створаная ў сярэдзіне 1930-х гг. – быў набыты для карпаратыўнай калекцыі ААТ "Белгазпрамбанк" у 2012 г.