Да юбілею Канстанцыі Буйло

14 студзеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло

Канстанцыя Антонаўна Буйло пакінула адметны след у беларускай літаратуры. Яна нарадзілася ў Вільні. У 1914 г. пасля заканчэння кароткатэрміновых настаўніцкіх курсаў працавала ў школе на Лідчыне, потым загадвала беларускай кнігарняй у Полацку. У гады Першай сусветнай вайны К. Буйло працавала справаводам у канцылярыі Усерасійскага земскага саюза. Там пазнаёмілася са студэнтам сельскагаспадарчай акадэміі В. Калечыцам, за якога ў 1916 г. выйшла замуж.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі К. Буйло была статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым бухгалтарам у саўгасе «Данілкава». У 1923 г. яна разам з мужам асталявалася ў Маскве, працавала на заводзе «Аграном». Яе сувязь з Беларуссю абмяжоўвалася перапіскай і сустрэчамі з Я. Купалам і яго жонкай У. Луцэвіч.

У 1933 г. муж К. Буйло быў арыштаваны. Канстанцыя Антонаўна заставалася ў Маскве, працавала начальнікам аддзела збыту Палітэхлабарсаюза, у 1940 г. стала начальнікам аператыўнага аддзела, затым выконвала абавязкі намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Маскве знаходзілася шмат беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, журналістаў. Канстанцыя Антонаўна падтрымлівала з імі цесную сувязь. Яна сустракалася з К. Чорным, П. Панчанкам, М. Лужаніным, М. Лыньковым, П. Глебкам і інш.

У 1944 г. К. Буйло была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. У 1968 г. атрымала званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

Пісаць вершы Канстанцыя Антонаўна пачала вельмі рана. Яе паэтычны талент развіваўся пад уплывам творчасці Я. Купалы, што асабліва прыкметна ў вершах «Хвоя», «Салавейка», «Скора зіма», «Хаўтурны звон». Яны былі апублікаваны ў 1909 г. у газеце «Наша ніва» пад імем брата паэтэсы. Наступныя творы – «Лес», «Вясной», «Мне сніўся сон», «Дзяўчына», «У бяссонную ноч», «Курган» – надрукаваны ў 1910 г. і падпісаны ўжо ўласным імем.

У 1914 г. у Вільні быў выдадзены першы паэтычны зборнік К. Буйло «Курганная кветка» (факсімільнае выданне ў 1989 г.), які адрэдагаваў Я. Купала. У кнігу ўвайшло больш за 40 вершаў і 2 драмы «Кветка папараці» і «Сягонняшнія і даўнейшыя».

 

 

У 1920 г. у часопісе «Рунь» быў апублікаваны абразок «Крывавы год». П’есы К. Буйло шырока ставілі драматычныя аматарскія гурткі і паўпрафесійныя калектывы.

У час Першай сусветнай вайны і да сярэдзіны 1940-х гг. К. Буйло амаль не друкавалася. Новы перыяд яе творчасці пачаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Былі напісаны ўзнёслыя і глыбока патрыятычныя вершы «У маёй майстэрні», «Шмат дзён прайшло», «Над Донам», «Памяці друга» і інш. У 1950 г. выйшаў другі зборнік паэзіі «Світанне», рэдактарам якога быў П. Глебка. Потым з’явіліся кнігі «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973) і інш.

 

                                

 

Канстанцыя Антонаўна – аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984).

 

                                

 

Паэзія К. Буйло вызначалася глыбокім лірызмам, цеснай сувяззю з народнай творчасцю. Многія творы паэтэсы пакладзены на музыку. Шырокую папулярнасць набыла песня «Люблю», якая стала народнай.

 

Больш за 50 гадоў К. Буйло пражыла ў Маскве. Яна памерла 4 чэрвеня 1986 г. У 1989 г. урна з прахам паэтэсы была перазахавана на могілках у в. Вішнева Валожынскага раёна. На будынку мясцовай школы ў гонар К. Буйло ўсталявана мемарыяльная дошка. У Мінску ёсць вуліца, названая яе імем.