
Ізі Харык – прадстаўнік рэвалюцыйнага рамантызму ў паэзіі, літаратурнага кірунку, тыповага для творчых пошукаў пралетарскіх паэтаў 1920-х. Дасканалы знаўца быту беларускага мястэчка, яўрэйскага фальклору, чалавек шырокай эрудыцыі, добра знаёмы з дасягненнямі сусветнай літаратуры, Ізі Харык увайшоў у яўрэйскую літаратуру як таленавіты і спрактыкаваны мастак.
Нарадзіўся ён у мястэчку Зембін пад Барысавам у сям’і шаўца. У 1919 г. добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны вучыўся ў Літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава, скончыў педагагічны факультэт 2-га Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля вяртання ў Мінск у 1928–1937 гг. быў рэдактарам яўрэйскага часопіса “Штэрн” (“Зорка”), уваходзіў у склад Прэзідыума ЦВК БССР (1931–1937 гг.) і Праўленне Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, у 1936 г. быў абраны членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі навук.
Літаратурную дзейнасць Ізі Харык пачаў у 1920 г. у яўрэйскіх газетах. У 1922 г. у Мінску была выдадзена яго першая кніга вершаў “Трапятанне”. Да 1936 г. на ідыш выйшлі зборнікі паэзіі: “Мінскія балоты”, “На гэтай зямлі”, “Душой і целам”, “Вершы і паэмы”, “Хлеб”, “Ад полюса да полюса”, “Пяць паэм”, “На чужым балі”.
Тэматыка і пафас яго вершаў і паэм звязаны з рэчаіснасцю 1920-30-х гг., з пераменамі ў жыцці, прынесенымі рэвалюцыяй. Ізі Харык шчыра верыў, што чалавек працы даб’ецца нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення. З першых сваіх твораў ён выступіў як змагар за новае жыццё.
***
Адсюль крычу я сэрцам і душою
Наступнага далёкім жыхарам:
Хай сённяшняе нашае, зямное
Жыццё-быццё не здасца цудам вам.
Далёка там, у прышласці шчаслівай,
Шукаць для нас не ўздумайце акрас,
Не аздабляйце лірыкай гуллівай,
Легендамі не карануйце нас!
…
Мы першыя цагліны закладалі,
І кожны ў мур цаглінай лёг жывой…
Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі
Аб пары крыл мяцежных за спіной.
Праз пыл руін мы крочылі калонай,
З’яднаныя ў вялікую сям’ю…
І суджана яшчэ адно было нам –
Пакінуць з песняй гэтую зямлю.
1925. (Пераклад А. Куляшова).
Гэтыя словы з’яўляюцца лейтматывам паэзіі І. Харыка. Яго творчасць выдзялялася сваёй драматычнасцю, разуменнем тых складанасцей і супярэчнасцей, якія суправаджалі чалавека ў новую рэвалюцыйную эпоху.
З пачатку 1930-х гадоў І. Харык друкаваў артыкулы і нарысы ў беларускамоўных выданнях. Яго творы ведалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі: вершы і паэмы вывучалі ў школе, перакладалі на іншыя мовы. Шэраг вершаў быў пакладзены на музыку.
11 ліпеня 1936 г. беларускі друк змясціў “Вялікаму Сталіну: пісьмо народаў Савецкай Беларусі”, якое перадалі ў вершах Я. Купала, Я. Колас,
А. Александровіч, П. Броўка, П. Глебка і І. Харык. Аднак гэта не выратавала паэта ад рэпрэсій: увосень 1937 г. ён загінуў.
Паэтычныя зборнікі І. Харыка ў перакладзе на рускую і беларускую мовы былі выдадзены ў Маскве (1958 і 1971) і Мінску (1958 і 1969). У 1970 г. у выдавецтве “Савецкі пісьменнік” выйшла кніга паэзіі І. Харыка “Адданасць” на ідыш.
Да 100-гадовага юбілею паэта быў надрукаваны зборнік вершаў і паэм І. Харыка ў перакладах на рускую Г. Ахматавай, П. Антакольскага, У. Сакалова і інш. Праз 10 гадоў з’явілася кніга вершаў на ідыш і беларускай у перакладах А. Вялюгіна, К. Кірэенкі, П. Броўкі, Р. Бярозкіна, С. Грахоўскага і інш.
Сучасныя даследчыкі лічаць паэта сапраўдным летапісцам эпохі, які верыў у рэвалюцыйныя ідэалы, марыў аб лепшай будучыні.