Да юбілею Элкана Гальдштэйна

28 сакавіка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння заслужанага архітэктара Беларусі Элкана Маркавіча Гальдштэйна

Элкана Маркавіч Гальдштэйн нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў Ленінградскім інжынерна-будаўнічым інстытуце (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт), удзельнічаў у баях Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

У 1950 г. малады архітэктар скончыў інстытут, пачаў працу ў Ваенпраекце (цяпер РУП «Інстытут «Ваенпраект») і актыўна ўключыўся ў работу па аднаўленні гарадоў і вёсак Беларусі. У 1951 г. Э.М. Гальдштэйн быў прыняты ў склад Беларускага саюза архітэктараў, з 1952 г. працаваў на пасадах галоўнага архітэктара праектаў і галоўнага спецыяліста Белдзяржпраекта (цяпер ААТ «Інстытут Белдзяржпраект»). Асноўнымі працамі маладога архітэктара сталі: жылы дом з магазінам «Ваенная кніга» (1951), будынак радыётэхнічнага тэхнікума (цяпер Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж, 1956), кемпінг «Минский» па Брэсцкай шашы (1960), сяміпавярховы будынак Фундаментальнай бібліятэкі імя Я. Коласа АН Беларусі з дзесяціярусным кнігасховішчам (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі, 1967), эксперыментальныя школы з басейнамі ў Салігорску (1966) і Брэсце (1969).

 

Будынак Мінскага дяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа

Жылы дом № 17 на вул. Першамайскай

Будынак Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі


Элкана Маркавіч шмат працаваў у суаўтарстве з архітэктарамі М. Ліўшыцам, Ю. Бічанам і У. Ісачанкам. Гэтым аўтарскім калектывам створаны і ажыццёўлены шэраг праектаў: дамы (№№ 14, 16, 18) па вуліцы Камуністычнай і Чырвонай (№№ 3, 5) у Мінску.

Забудова вуліцы Камуністычнай


Наступны перыяд творчасці Э.М. Гальдштэйна характарызуецца шэрагам збудаванняў для ўстаноў адукацыі: праект забудовы першай вучэбнай зоны па Дзяржынскай шашы (1970), Дом настаўніка (цяпер Ліцэй БДУ, 1976), корпус гарадскога прафесійнага вучылішча кінамеханікаў (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, 1979), будынкі Мінскага медыцынскага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, 1979), эксперыментальная школа са спартыўнымі заламі і басейнамі ў мікрараёне Усход-1 (цяпер СШ № 137 імя П.М. Машэрава, 1979), забудова вул. Сямашкі, серыя тыповых праектаў школ і дашкольных устаноў (1960–1980), дзіцячая школа мастацтваў у Нароўлі (1989) і інш. Школы па праектах Э.М. Гальдштэйна будаваліся ў Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне.

 

Будынак Ліцэя БДУ

Будынак СШ № 137 г. Мінска імя П.М. Машэрава

Будынак Нараўлянскай дзіцячай школы мастацтваў


У 1990 г. архітэктар стаў кіраўніком персанальнай творчай майстэрні. За выдатныя дасягненні і вялікі ўклад у развіццё культуры Беларусі Элкана Маркавіч Гальдштэйн быў удастоены ганаровага звання “Заслужаны архітэктар БССР”.