Да юбілею Янкі Маўра

10 мая спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра

Іван Міхайлавіч Фёдараў, вядомы пад псеўданімам Янка Маўр, з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнікам яе прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у г. Лібава (цяпер г. Ліепая, Латвія) у сям’і рабочага. У 1895 г. скончыў пачатковую школу і паступіў на слясарнае аддзяленне рамеснага вучылішча ў Коўне. У 1899 г. стаў студэнтам Панявежскай настаўніцкай семінарыі, аднак з-за сваіх рэвалюцыйных поглядаў быў выключаны з яе. Юнак заняўся самаадукацыяй і у 1903 г. стаў настаўнікам, працаваў у Літве і Беларусі. У 1906 г. Я. Маўр прымаў удзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў у Мікалаеўшчыне, быў пазбаўлены права выкладаць у школе і трапіў пад нагляд паліцыі. У 1911 г. пераехаў у Мінск, працаваў у прыватнай гандлёвай школе. У гады Першай сусветнай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі. Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся ў Мінск, выкладаў гісторыю і геаграфію ў чыгуначнай гімназіі. У 1920-я гг. працаваў у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, Народным камісарыяце асветы БССР, Дзяржаўным выдавецтве БССР.

Пачаткам літаратурнай дзейнасці Я. Маўра лічыцца 1923 г., калі ў газеце “Савецкая Беларусь” і ленінградскім часопісе сатыры і гумару “Бегемот” былі апублікаваны яго фельетоны. Першым значным творам пісьменніка стала аповесць “Чалавек ідзе” (1927). У аповесцях “У краіне райскай птушкі” і “Сын вады” (1928) Я. Маўр апісаў жывёльны і раслінны свет далёкіх краін, прывёў падрабязнасці побыту і звычаяў простых людзей.


 

                                   

 

У 1930 г. выйшаў першы ў беларускай літаратуры прыгодніцкі раман “Амок”, у якім пісьменік адлюстраваў падзеі паўстання на далёкім востраве Ява. У апавяданнях “Слёзы Тубі”, “Лацароні” і “Незвычайная прынада” (усе 1927) Я. Маўр апісаў трагічнае жыццё дзяцей каланіяльных краін. Сам пісьменнік ніколі не быў за мяжой. Багатая фантазія і грунтоўныя веды па геаграфіі і гісторыі, матэрыялы з газет і часопісаў, дакументальныя фатаграфіі дазвалялі яму дакладна апісваць прыроду экзатычных краін, расказваць пра жыццё іх народаў.


 

                                              

 

У пачатку 1930-х гг. з’явілася вострасюжэтная аповесць Я. Маўра “Палескія рабінзоны”. Яна вучыла дзяцей пераадольваць цяжкасці, быць смелымі і мужнымі, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. Карыстаўся поспехам і новы твор пісьменніка пра дапытлівых і вынаходлівых: аповесць “ТВТ” (1934). Янка Маўр з’яўляецца пачынальнікам беларускай навукова-фантастычнай літаратуры для дзяцей. Да гэтага жанру належаць фантастычная казка “Вандраванне па зорках” (1927) і аповесць “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (1954).

 

                                 

 

У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік знаходзіўся ў эвакуацыі. У 1944 г. вярнуўся ў Мінск. У пасляваенны час апублікаваў шэраг апавяданняў аб жыцці беларускіх дзяцей у час акупацыі. У 1948 г. выйшаў з друку зборнік дзіцячых успамінаў аб вайне “Ніколі не забудзем”. Рэдактарам выдання быў Я. Маўр.



 Пісьменнік працаваў таксама і ў жанры драматургіі. У 1940-я гг. ён напісаў п’есы “Памылка”, “Хата з краю”, “Балбатун”. У 1948 г. выйшла першая частка аўтабіяграфічнай кнігі Я. Маўра “Шлях з цемры”, другая частка была выдадзена ў 1960 г., трэцяя – у 1975 г.

 

 

Творы Я. Маўра выдаваліся на рускай, украінскай, польскай і літоўскай мовах, іх ведаюць за межамі Беларусі.

 

                                  

 

Літаратурны талент Я. Маўра быў адзначаны ганаровым званнем заслужанага дзеяча культуры БССР, Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй. Пісьменнік быў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі. У 1983 г. стагоддзе з дня нараджэння Я. Маўра было ўнесена ў “Спіс памятных дат ЮНЕСКА”. У 2013 г. быў зняты дакументальны фільм “Янка Маўр. Капітан дзіцячых мар”, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка. Да 130-годдзя з дня нараджэння літаратара быў прымеркаваны праект “Віртуальнае падарожжа з Янкам Маўрам”, размешчаны на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.