Да юбілею Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь

25 мая спаўняецца 90 гадоў з часу адкрыцця Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь)

Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь пачынаецца ў 1930 г. У гэты час была створана Беларуская студыя оперы і балета, спектаклі якой праходзілі на сцэне Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1).


Удзельнікі Беларускай студыі оперы і балета


25 мая 1933 г. спектаклем “Кармэн” Ж. Бізэ адкрыўся Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР, створаны на базе студыі.



Яго дырэктарам і галоўным дырыжорам стаў таленавіты музыкант І. Гітгарц. Першай харэаграфічнай пастаноўкай быў балет “Чырвоны мак” Р. Гліэра, прэм’ера якога адбылася 31 жніўня 1933 г. Праз некаторы час у рэпертуары з’явіліся пастаноўкі рускай класікі і спектаклі па творах замежных кампазітараў, дзе з поспехам выступалі спевакі Л. Александроўская, Р. Млодак, С. Друкер, І. Балоцін, М. Дзянісаў і артысты балета А. Нікалаева, Т. Узунава, Ю. Хіраска, С. Дрэчын і інш.

10 сакавіка 1939 г. прэм’ерай оперы беларускага кампазітара Я. Цікоцкага “Міхась Падгорны” адкрыўся ўласны будынак тэатра, пабудаваны па праекце архітэктара І.Р. Лангбарда. Першым балетным спектаклем на новай сцэне стаў “Бахчысарайскі фантан” Б. Асаф’ева. Пазней адбыліся пастаноўкі опер “У пушчах Палесся” А. Багатырова, “Кветка шчасця” А. Туранкова і балета “Салавей” М. Крошнера.



Афіша оперы Я. Цікоцкага "Міхась Падгорны" (1939)


Вялікая Айчынная вайна спыніла дзейнасць тэатра. Артысты знаходзіліся ў эвакуацыі. У 1942 г. калектыў сабраўся ў Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад). Выступалі ў воінскіх часцях, шпіталях, армейскіх клубах, на перадавой. Адразу пасля вызвалення Беларусі вярнуліся ў Мінск, і 24 снежня 1944 г. адкрылі сезон прэм’ерай оперы Я. Цікоцкага “Алеся”. Урачыстае адкрыццё будынка тэатра адбылося 7 лістапада 1947 г. операй “Кастусь Каліноўскі” Д. Лукаса. Значнай падзеяй стала пастаноўка балета “Князь-возера” В. Залатарова (Дзяржаўная прэмія СССР, 1950).

У 1951 г. тэатр узначаліла Л. Александроўская. У гэты час былі паказаны оперы “Надзея Дурава” А. Багатырова, “Яснае світанне” А. Туранкова, першая беларуская опера для дзяцей “Марынка” Р. Пукста. Класічны рэпертуар узбагаціўся спектаклямі “Мазепа” і “Іаланта” П. Чайкоўскага, “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага, “Трубадур” і “Аіда” Дж. Вердзі. Агульную накіраванасць балета вызначала творчасць балетмайстраў К. Мулера і С. Дрэчына, якія падрыхтавалі спектаклі “Жызэль”, “Карсар” А. Адана, “Шчаўкунок”, “Спячая прыгажуня” П. Чайкоўскага, “Баядэрка” Л. Мінкуса і інш. У той час побач з прадстаўнікамі першага пакалення артыстаў оперы і балета на сцэне выступалі спевакі К. Кудрашова, Т. Ніжнікава, М. Ворвулеў і артысты балета Б. Карпілава, Н. Младзінская, Г. Мартынаў і інш.

Ларыса Александроўская


Вызначальная роля ў дзейнасці тэатра ў 1960-я гг. належала Д. Смолічу. Дасягненнем калектыву стала сцэнічнае ўвасабленне опер “Арэстэя” С. Танеева, “Атэла” Дж. Вердзі, “Севільскі цырульнік” Дж. Расіні і інш. Калектыў шмат працаваў не толькі над класічнымі творамі, але звяртаўся і да опер сучасных кампазітараў. Былі пастаўлены “Заручыны ў манастыры” С. Пракоф’ева, “Кастрычнік” В. Мурадэлі, “Брэсцкая крэпасць” К. Малчанава, “Калючая ружа” і “Калі ападае лісце” Ю. Семянякі. На сцэне ішлі балеты Г. Вагнера “Святло і цені”, “Падстаўная нявеста”, Я. Глебава “Мара”, “Альпійская балада” і інш. У 1964 г. тэатру было прысвоена званне “акадэмічны”.

Перыяд дзейнасці 1970–80-х гг. характарызуецца ўзбагачэннем рэпертуару опернай і балетнай класікай, сцэнічным увасабленнем нацыянальных твораў. Яго пачатак азнаменаваўся пастаноўкамі А. Дадышкіліяні. Вялікая роля ў аднаўленні тэатральных традыцый належала рэжысёру С. Штэйну, які стварыў шэраг яскравых спектакляў “Фауст” Ш. Гуно, “Вайна і мір” С. Пракоф’ева, “Джардана Бруна” С. Картэса, “Сівая легенда” Д. Смольскага (Дзяржаўная прэмія БССР, 1980).

Сцэна з оперы "Фауст" Ш. Гуно (1966)


Значнымі падзеямі ў дзейнасці тэатра сталі пастаноўкі опер “Дон Карлас” Дж. Вердзі і “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана (Дзяржаўная прэмія БССР, 1990), а таксама вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне “Карміна Бурана”, дзе праявілася геніяльнасць знакамітага дырыжора Я. Вашчака. Новую экспрэсіўную сучасную харэаграфію прынёс на балетную сцэну народны артыст СССР і БССР В. Елізар’еў. Сярод яго лепшых пастановак – “Рамэо і Джульета” С. Пракоф’ева, “Балеро”, “Стварэнне свету” А. Пятрова, “Вясна свяшчэнная” і “Жар-птушка” І. Стравінскага, беларускі балет “Страсці” (“Рагнеда”) А. Мдывані (Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1996) і інш. У гэтых спектаклях раскрыўся талент Л. Бржазоўскай, Ю. Траяна, Т. Яршовай, С. Пясцехіна, В. Саркісьяна, У. Камкова і інш.


Валянцін Елізар’еў


У 1990-я гг. адным з важнейшых напрамкаў работы тэатра заставалася фарміраванне сучаснага высокамастацкага рэпертуару. Пазітыўнымі пераменамі ў оперы сталі выкарыстанне партытур на мове арыгінала, з’яўленне новых мадэрнісцкіх версій класічных спектакляў (рэжысёры В. Цюпа, Ю. Аляксандраў і інш.). Шэрагам значных спектакляў вызначылася М. Ізворска-Елізар’ева. У 1996 г. тэатр атрымаў статус нацыянальнага.

 Сёння рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь упрыгожваюць класічныя і сучасныя спектаклі, а таксама пастаноўкі для дзяцей. У яго складзе працуе творчы калектыў “Беларуская капэла”. Мастацкім кіраўніком з’яўляецца заслужаны артыст БССР В. Скорабагатаў.


Віктар Скорабагатаў


За значныя дасягненні ў развіцці беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва адзначаны В. Елізар’еў (1998, 2001), У. Громаў (2022), калектыў тэатра (2009, 2012, 2015). Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца В. Елізар’еў (1996), Н. Шарубіна (2012), А. Волкава, Н. Масквіна, С. Трыфанаў, С. Франкоўскі, Н. Ламановіч, А. Касцючэнка (усе 2016). Оперныя і балетныя спектаклі тэатра, іх рэжысёры, сцэнографы і артысты станавіліся лаўрэатамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў 2010, 2012, 2014, 2016, 2018, 2021 гг.