Да юбілею Уладзіслава Сыракомлі

29 верасня спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння паэта, перакладчыка, крытыка і краязнаўца Уладзіслава Сыракомлі

Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч) увайшоў у гісторыю беларускай і польскай літаратур як аўтар высокамастацкіх паэтычных твораў, гісторыка-літаратурных прац, выдатных перакладаў.

Нарадзіўся ён у фальварку Смольгава Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска ў Любанскім раёне Мінскай вобласці). Вучыўся ў дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833–1835) і Навагрудку (1826–1837), працаваў у Нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1841–1844). У 1844–1852 гг. арандаваў фальварак Залучча (Стаўбцоўскі раён), з 1853 г. – Барэйкаўшчына (каля Вільні), дзе займаўся творчай працай, шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве і Польшчы.

Упершыню У. Сыракомля выступіў у друку ў віленскім часопісе “Athenaeum” (“Атэнэум”) з вершам “Паштальён” (1844), у якім апісаў жыццёвую трагедыю простага чалавека.

Твор набыў вялікую папулярнасць, быў перакладзены на рускую мову і праз некаторы час стаў папулярнай песняй “Когда я на почте служил ямщиком...”. У сваёй творчасці У. Сыракомля шырока выкарыстоўваў сюжэты і вобразы беларускага песеннага фальклору, які збіраў і апрацоўваў. На яго вершы кампазітар С. Манюшка напісаў каля 20 песень і рамансаў.


                                                                

Літаратурная спадчына У. Сыракомлі даволі вялікая. Ён пісаў вершы, паэмы, гутаркі з народнага жыцця, п’есы, гісторыка-літаратурныя працы, пераклады паэтаў-лаціністаў XVI–XVIII стст.


                                                 

 

Уладзіслаў Сыракомля заўсёды падкрэсліваў адзінства сваёй творчасці з інтарэсамі і спадзяваннямі простых людзей, звяртаўся да гістарычнага мінулага беларусаў, з вялікім майстэрствам апісваў прыгажосць прыроды Беларусі. Шэраг празаічных і навуковых твораў У. Сыракомлі прысвечаны праблемам гісторыі, этнаграфіі і мовы беларусаў. Сярод іх – “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), “Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі” (1856), “Мінск” (1857), “Нёман ад вытокаў да вусця” (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа, краязнаўчыя артыкулы ў перыядычным друку.


                                                  

На беларускую мову яго вершы перакладалі А. Абуховіч, Я. Лучына, Я. Купала, А. Паўловіч, Г. Леўчык, М. Машара, У. Дубоўка, М. Лужанін, К. Цвірка, У. Мархель і інш. Даследаваннем яго творчасці займаюцца У. Мархель, К. Цвірка, А. Марціновіч.


              

Паэтычныя і празаічныя творы У. Сыракомлі друкуюцца і цяпер. Яго імем названы вуліцы ў Гродне, Мінску, Навагрудку, Нясвіжы, Варшаве і Вільнюсе.