Да юбілею Мікалая Кавязіна

15 верасня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння тэатральнага дзеяча Мікалая Кавязіна

Для Мікалая Аляксандравіча Кавязіна – чалавека рознабаковага таленту, галоўным прызваннем стала тэатральная рэжысура. У сваіх пастаноўках ён заўсёды імкнуўся да вывучэння сутнасці з’яў і падзей, глыбокага раскрыцця характараў і пачуццяў герояў.

Нарадзіўся М. Кавязін у Жлобіне ў сям’і чыгуначніка. Пасля заканчэння школы вучыўся ў камерцыйным вучылішчы (1911–1917) і політэхнічным тэхнікуме (1918–1920) у Мінску, служыў у Чырвонай гвардыі. Яшчэ ў час вучобы захапіўся мастацкай творчасцю – выступаў у спектаклях, чытаў вершы, маляваў. У 1922 г. стаў акцёрам і мастаком Другой вандроўнай трупы Галоўпалітасветы. З 1923 г. працаваў у Мінскай чыгуначнай школе настаўнікам малявання і чарчэння, займаўся драматычнымі пастаноўкамі.

У 1928–1931 гг. М. Кавязін стажыраваўся ў Маскоўскім і Ленінградскім тэатрах для дзяцей. Пасля вяртання ў Мінск арганізаваў і стаў мастацкім кіраўніком Тэатра юнага гледача БССР, дзе паставіў спектаклі «На штурм» Я. Маўра (1931), «Наш» М. Зныка (1932), «Вінтоўка № 492116» А. Крона (1933), «Мікола Гоман» В. Сташэўскага (1936), «Казка пра цара Салтана» паводле А. Пушкіна (1937, з Б. Дольскім) і інш.

 

Сцэна са спектакля «На штурм» Я. Маўра

 

З 1938 г. рэжысёр працаваў у калгасна-саўгасных тэатрах у Бабруйску і Полацку. Ажыццявіў пастаноўкі п’ес «Партызаны» К. Крапівы і «Пагранічнікі» У. Біль‑Белацаркоўскага (1938), «Дзядзька на трох нагах» П. Каратыгіна (1939). У 1939–1941 гг. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай эстрады.

 

М. Кавязін з удзельнікамі спектакля «Дзядзька на трох нагах» П. Каратыгіна

 

У пасляваенны час М. Кавязін узначальваў Палескі (1944–1945), Бабруйскі (1945–1947) і Гродзенскі (1947–1950) абласныя драматычныя тэатры. Сярод створаных ім спектакляў – «Заложнікі» А. Кучара (1944), «Без віны вінаватыя» А. Астроўскага (1945), «Дама-невідзімка» П. Кальдэрона і «Лісічкі» Л. Хелман (1946), «Памятныя сустрэчы» Л. Уцеўскага (1947), «Вялікая сіла» Б. Рамашова, «Жылі трое сяброў» У. Успенскага і «Сын» С. Паташова (усе 1948), «Свае людзі – паладзім» А. Астроўскага і «Шчасце» паводле П. Паўленкі (1949), «На дне» (М. Горкага, 1950) і інш.

 

Сцэна са спектакля «Памятныя сустрэчы» Л. Уцеўскага

 

Сцэна са спектакля «Вялікая сіла» Б. Рамашова

 

Сцэна са спектакля «На дне» М. Горкага

 

Мікалай Кавязін заўсёды імкнуўся абудзіць творчую фантазію акцёраў. Сярод яго выхаванцаў – народныя артысты Беларусі Ю. Сідараў і Я. Кімберг, заслужаныя артысты Беларусі М. Цурбакоў, Л. Федчанка, Г. Лаўроў, М. Кавязіна і інш. У 1949 г. рэжысёру было прысвоена званне заслужанага артыста БССР.