
Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка нарадзілася ў Будславе. Скончыла Глыбоцкае царкоўна-прыходскае вучылішча, некаторы час займалася на прыватных вячэрніх курсах у Рызе, вучылася ў прыватнай жаночай гімназіі ў Вільні. Гімназісткай пазнаёмілася з А. Бурбісам, Цёткай, З. Бядулем, Ядвігіным Ш. і інш.
У 1912–1914 гг. П. Мядзёлка займалася на Вышэйшых камерцыйных курсах у Пецярбургу. У гэты час прымала ўдзел у беларускіх вечарынах, што ладзіліся ў кватэры Б. Эпімаха-Шыпілы, пазнаёмілася з мастаком Я. Драздовічам, збіральнікам народных песень А. Грыневічам, кампазітарам С. Казурам, пісьменнікам Ц. Гартным. На фарміраванне асобы П. Мядзёлкі вялікі ўплыў аказала творчасць Я. Купалы, з якім яе звязвала шчырае сяброўства. 9 лютага 1913 г. у пастаноўцы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў адбылася прэм’ера купалаўскай “Паўлінкі”. Паўліна Мядзёлка з бляскам выканала галоўную ролю ў п’есе.
У гады Першай сусветнай вайны П. Мядзёлка жыла ў Расіі і на Украіне. Працавала выхавальніцай у дзіцячым прытулку і настаўніцай пачатковай школы, адказным сакратаром Беларускага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй дзіцячых прытулкаў у Саюзе гарадоў і інш. У 1917 г. П. Мядзёлка вярнулася на Радзіму, займалася арганізацыяй беларускіх школ, прымала ўдзел у тэатральных пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі і інш.
Як актыўны дзеяч беларускага руху П. Мядзёлка арыштоўвалася ўладамі ў 1919 і 1920 гг. У 1921 г. працавала ў Вільні, Коўне, Берліне. У 1922–1924 гг. выкладала беларускую мову і літаратуру ў беларускай гімназіі і на беларускіх курсах у Дзвінску, дзе арганізавала хор і драматычны гурток. Зноў была арыштавана і звольнена з працы. У 1925 г. П. Мядзёлка пераехала ў БССР. Чытала лекцыі па беларускай мове і літаратуры на педагагічных курсах у Клімавічах, працавала навуковым супрацоўнікам сектара мастацтва ў Інбелкульце, выкладала родную мову ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Паўліна Мядзёлка з удзельнікамі літаратурнага гуртка Горы-Горацкай сельгасакадэміі (1929)
У 1930 г. у Маскве, куды прыехала на лячэнне, была беспадстаўна арыштавана і прыгаворана да высылкі ў Казань. З 1932 па 1947 г. П. Мядзёлка працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школах Масквы. У 1947 г. вярнулася ў родную вёску, дзе да 1958 г. працавала настаўніцай у мясцовай школе, стварыла драматычны гурток і хор. У 1966 г. П. Мядзёлцы было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Паўліна Мядзёлка (1967)
Розныя перыяды і аспекты свайго насычанага на падзеі і сустрэчы жыцця П. Мядзёлка апісала ў кнізе ўспамінаў “Сцежкамі жыцця”. На жаль, выданне пабачыла свет ужо пасля яе смерці ў 1974 г.
Асабісты фонд П. Мядзёлкі захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва і складаецца з яе ўспамінаў, перапіскі, фотаздымкаў, цікавых бібліяграфічных матэрыялаў. Супрацоўнікі архіва-музея апрацавалі і падрыхтавалі для выдання найбольш поўны варыянт кнігі П. Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”, які выйшаў з друку ў 2018 г.