
Сярод даследчыкаў і збіральнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. пачэснае места займае Міхал Федароўскі. Яго шматгранная і разнастайная дзейнасць звязана з этнаграфіяй, фалькларыстыкай, лінгвістыкай, антрапалогіяй, міфалогіяй, гісторыяй, археалогіяй, тапаграфіяй і інш.
Нарадзіўся М. Федароўскі ў Варшаве. Пасля заканчэння Варшаўскай мужчынскай прагімназіі вывучаў філасофію і літаратуру ў польскага філосафа М. Крупінскага, непрацяглы час з’яўляўся вольным слухачом агранамічнага факультэта Пятроўска-Разумоўскай акадэміі, праходзіў сельскагаспадарчую практыку і служыў аграномам у гаспадарках Польшчы. Пад уплывам прац фалькларыстаў таго часу К. Вуйціцкага, Р. Зморскага, О. Кольберга, З. Глогера, Я. Карловіча зацікавіўся народнай культурай і пачаў прымаць удзел у краязнаўчых экспедыцыях і экскурсіях, дзе запісваў песні, паданні, звычаі і абрады. У 1888–1889 гг. была апублікавана двухтомная манаграфія М. Федароўскага «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы, яго звычаі, лад жыцця, абрады, паданні, чары, забабоны, песні, забавы, прыказкі, загадкі і ўласцівасці мовы».
У 1877 г. М. Федароўскі пераехаў у Гродзенскую губерню і наступныя 27 гадоў жыцця прысвяціў даследаванню духоўнай i матэрыяльнай культуры насельніцтва Заходняй Беларусі. У час вандровак па наваколлі аглядаў касцёлы, палацы, набываў кнігі, гістарычныя дакументы, творы жывапісу і графікі, займаўся археалагічнымі раскопкамі курганаў, могільнікаў і старажытных паселішчаў. Здабытыя экспанаты адсылаў у музеі Львова, Варшавы, Кракава, Вільні. Вывучаў мясцовую флору і фаўну, складаў апісанні для Польскай акадэміі навук. Міхал Федароўскі сабраў больш за 5 тыс. беларускіх народных песень, каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, паданняў, прымхаў, парад па народнай медыцыне і інш. Мясцовыя карэспандэнты Я. Карловіч, Л. Патул, І. Трачык запісалі для яго больш за 1,5 тыс. беларускіх песенных і танцавальных мелодый. Апрацаваныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы ўвайшлі ў фундаментальную працу «Люд беларускі». Пры жыцці вучонага ў 1897–1903 гг. выйшлі толькі тры тамы, наступныя пяць тамоў былі выдадзены ў 1935–1981 гг.
Тытульныя лісты тт. 3, 4, 5 і 8 «Люду беларускага» М. Федароўскага
З 1904 г. М. Федароўскі жыў і працаваў у Варшаве. Вучоны з’яўляўся членам Львоўскага этнаграфічнага таварыства, антрапалагічнай камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве, Польскага краязнаўчага таварыства, Кракаўскага нумізматычна-археалагічнага таварыства, Таварыства сяброў навук у Вільні і інш. У 1921 г. М. Федароўскі стаў навуковым супрацоўнікам аддзела этналогіі Інстытута антрапалагічных навук, дзе працягваў апрацоўку матэрыялаў для далейшага выдання працы «Люд беларускі». Ненадрукаваная частка яго рукапісаў з вялікай колькасцю беларускіх фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў захоўваецца ў бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта, Навуковым архіве Польскага этнаграфічнага таварыства ў Вроцлаве, архіве Польскай акадэміі навук.