Да юбілею Аркадзя Куляшова

6 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова

У беларускай літаратуры ёсць літаратурныя творы, якія стаяць упоравень з найлепшымі здабыткамі прыгожага пісьменства сусветнага масштабу. Адно з пачэсных месцаў займае вершаванае слова Аркадзя Куляшова, які ўзбагаціў беларускую паэзію непаўторнымі лірычнымі творамі, спавядальна-філасофскімі маналогамі, пафасна-публіцыстычнымі вершамі, выдатнымі паэмамі аб мінулым і сучаснасці.

Аркадзь Куляшоў – паэт-патрыёт, паэт-воін – чалавек, які беззапаветна любіў сваю родную зямлю, быў гатовы бараніць яе “штыком і пяром”. З самых першых друкаваных твораў, якія з’явіліся ў канцы 1920-х гг. больш за паўстагоддзя паэт услаўляў сваю Бацькаўшчыну. У 1926 г. на старонках клімавіцкай акруговай газеты “Наш працаўнік” быў надрукаваны першы верш А. Куляшова “Ты, мой брат”, а ў 1930 г. ён выдаў свой першы зборнік вершаў “Росквіт зямлі”. Праз два гады з’явіліся яшчэ дзве кнігі: “Па песню, па сонца!..” і “Медзі дождж”.

 

                                                                  

У наступныя гады яго вершы змяшчаліся ў часопісах “Чырвоны сейбіт”, “Маладняк”, “Полымя”, газеце “Чырвоная змена”. У 1930-я гг. А. Куляшоў вучыўся ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і адначасова займаўся паэтычнай працай. Этапным творам паэта, які сведчыў аб яго творчай сталасці, стала паэма “У зялёнай дуброве” (1938–1939).  

Патрыятызм А. Куляшова вельмі ярка праявіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адступленне, налёты фашысцкай авіяцыі, разбурэнні і чалавечыя ахвяры – усё гэта не магло не адбіцца на яго творчасці. Выдатнымі ўзорамі патрыятычнай лірыкі сталі вершы “Млынар”, “Балада аб чатырох заложніках”, “Над брацкай магілай”, “Ліст з палону”, “Камсамольскі білет”, “Маці”, “Балада аб знойдзенай падкове” і інш. У 1942 г. была напісана, а ў 1943 г. пабачыла свет паэма “Сцяг брыгады” (Дзяржаўная прэмія СССР 1946). У ваенны час былі напісаны “Прыгоды цымбал” (1943–1944) і “Дом № 24” (1944).

 

                                                                               

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага часу вызначалася палкім грамадзянскім пафасам: “Новае рэчышча” (1948, Дзяржаўная прэмія СССР 1949), “Простыя людзі” (1949), “Толькі ўперад” (1950), “Грозная пушча” (1955), “Песня аб слаўным паходзе” (1935–1951).

 

                                                                               

Значнай вяхой на творчым шляху паэта сталі вершы, якія спачатку друкаваліся ў перыёдыцы пад агульнай назвай “З новай кнігі”. У 1964 г. яны былі ўключаны ў другі том “Выбраных твораў” паэта, а ў 1966 г. выйшлі асобнай кнігай у перакладзе на рускую мову. З гадамі філасофская аснова паэзіі А. Куляшова істотна паглыбілася, што знайшло сваё адлюстраванне ў паэмах “Цунамі” (1968), “Далёка да акіяна” (1969), зборніку “Сасна і бяроза” (1970). У 1976 г. пабачыла свет апошняя прыжыцёвая кніга А. Куляшова “Хуткасць”. У яе ўвайшлі вершы, паэмы “Варшаўскі шлях” і “Хамуціус”. Кніга стала значнай падзеяй у літаратуры, запаветам, які аўтар пакінуў сваім нашчадкам.

 

                                                                   

Аркадзь Куляшоў – паэт глыбока лірычны, асобнае месца ў яго творчасці займае песня, што падцвярджаюць радкі і загалоўкі твораў: “Песня перамог” (1929), “Па песню, па сонца!..” (1930), “Сустракайце маладых песнямі” (1931), “Песня аб слаўным паходзе” (1936), “Песня лістаносца” (1939) і інш. Шэраг вершаў паэта пакладзены на музыку. З усіх песень, створаных на словы А. Куляшова, найперш згадваецца “Алеся”, створаная І. Лучанком на словы верша “Бывай…”, напісанага ў 1928 г. Музыку на вершы А. Куляшова пісалі А. Багатыроў, У. Мулявін, П. Падкавыраў, Ю. Семяняка і інш.

 

                   

Аркадзь Куляшоў – аўтар перакладаў “Яўгенія Анегіна” і “Цыганоў” А. Пушкіна, лірыкі М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, С. Ясеніна, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Рыльскага. У 1970 г. “Выбраная паэзія” М. Лермантава, “Энеіда” І. Катлярэўскага, “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфела, над якімі працаваў А. Куляшоў, былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы.