Да юбілею Ларысы Александроўскай

15 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі і СССР Ларысы Александроўскай

Велізарны ўклад у беларускую нацыянальную культуру зрабіла спявачка, актрыса і грамадскі дзеяч Ларыса Пампееўна Александроўская.

Песня ўвайшла ў жыццё Ларысы Александроўскай з ранняга дзяцінства. У бацькоўскім доме заўсёды гучала музыка: бацькі Ларысы спявалі і ігралі на музычных інструментах. З цягам часу да сямейных канцэртаў далучыліся і іх дзеці. Ларыса Александроўская марыла аб паступленні ў кансерваторыю, аднак атрымаць вышэйшую музычную адукацыю не дазволілі абставіны. У пачатку 1920-х гг. дзяўчына спавала ў тэатры Галоўпалітасветы Заходняга фронту. Сістэматычна вучыцца спевам Л. Александроўская пачала толькі ў 1924 г., калі ў Мінску адкрыўся Беларускі музычны тэхнікум. Займалася ў класе славутага прафесара В. Цвяткова. У дыпломным спектаклі “Фауст” Ш. Гуно, пастаўленай выхаванцамі тэхнікума ў 1928 г., яна выконвала партыю Маргарыты.


У маі 1933 г., падчас адкрыцця Беларускага тэатра оперы і балета, Ларыса Пампееўна бліскуча выканала галоўную партыю ў оперы “Кармэн” Ж. Бізэ.



Яркі след у нацыянальным оперным мастацтве пакінулі яе выступленні ў операх беларускіх кампазітараў. У “Міхасі Падгорным” Я. Цікоцкага спявачка выступіла ў ролі беларускай дзяўчыны Марысі.


Пасля была роля Надзейкі ў оперы “Кветка шчасця” А. Туранкова. Вялікі дыяпазон голасу, музыкальнасць, драматычны тэмперамент Л. Александроўскай, глыбокае веданне жыцця мелі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне. У 1938 г. спявачка стала народнай артысткай Беларусі, а праз два гады атрымала ордэн Леніна і званне народнай артысткі СССР.

У час Вялікай Айчыннай вайны Л. Александроўская працавала ў тэатры оперы і балета ў г. Алма-Ата (Казахстан): выступала на радыё, давала канцэрты для чырвонаармейцаў і партызан.


У 1944 г. вярнулася ў Мінск з прэм’ерай оперы “Алеся” Я. Цікоцкага, дзе выконвала ролю галоўнай гераіні.


У 1947 г. адбылася прэм’ера оперы Д. Лукаса “Кастусь Каліноўскі”, дзе Л. Александроўская бліскуча выканала партыю Марыі Грэгатовіч. У сваім творчым жыцці Александроўская стварыла шэраг запамінальных жаночых вобразаў: Таццяна ў “Яўгеніі Анегіне”, Ліза і Графіня ў “Пікавай даме” П. Чайкоўскага, Яраслаўна ў “Князі Ігары” А. Барадзіна, Наташа ў “Русалцы” А. Даргамыжскага, Любаша ў “Царскай нявесце” М. Рымскага-Корсакава і інш.


              

На працягу дзесяці гадоў (1951–1960) Л. Александроўская была галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі. Ёй належаць пастаноўкі опер “Мазепа” і “Пікавая дама” П. Чайкоўскага, “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага, “Трубадур”, “Травіята” і “Аіда” Д. Вердзі, “Страшны двор” С. Манюшкі, “Надзея Дурава” А. Багатырова і інш. У гэтых спектаклях спявачка выконвала вядучыя партыі да 1958 г.

Акрамя творчай працы Ларыса Пампееўна шмат часу аддавала грамадскім справам: была адным з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускага тэатральнага аб’яднання, доўгі час была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР.