Да юбілею Паўла Масленікава

14 лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава

Павел Васільевіч Масленікаў – прызнаны майстар пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва Беларусі XX ст.

Нарадзіўся ён на Магілёўшчыне. Дзіцячыя ўражанні, захапленне літаратурай і музыкай паспрыялі далейшаму развіццю яго творчай натуры. Пасля заканчэння сямігодкі Павел Масленікаў вучыўся ў педтэхнікуме (1929–1931) і педінстытуце (1932–1934) г. Магілёва. У 1934 г. паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1938 г. Пасля атрымання дыплома разам з аднакурснікамі М. Блішчам і У. Кульваноўскім стаў мастаком-дэкаратарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР.

Каля дваццаці гадоў жыцця працаваў П. Масленікаў у тэатрах Мінска побач са знакамітымі рэжысёрамі, кампазітарамі, мастакамі, артыстамі. Аформіў спектаклі “Трыльбі” А. Юрасоўскага (1940), “Бахчысарайскі фантан” Б. Асаф’ева  і “Прададзеная нявеста” Б. Сметаны (1949), “Салавей” М. Крошнера, “Чырвоны мак” Р. Гліэра і “Дэман” А. Рубінштэйна (усе 1950), “Іаланта” П. Чайкоўскага (1952), “Маладая гвардыя” Ю. Мейтуса (1954), “Карсар” А. Адана (1957), “Цыганскі барон” І. Штрауса (1960), “Джаконда” А. Панк’елі (1962) у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР; “Цудоўны скарб” П. Малярэўскага (1949), “Шчасце паэта” В. Віткі (1952), “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча (1954) у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Купалы; “Варвары” М. Горкага (1952) у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР імя М. Горкага; “Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага (1956) у Тэатры юнага гледача БССР і інш.


                                                                              

          

Мастак шмат вандраваў (Прыбалтыка, Крым, Алтай, Фінляндыя, Швейцарыя, Індыя і інш.). Вынікам кожнай паездкі з’яўлялася серыя пейзажаў: “Вечаровы Мінск” (1956), “Ля берагоў Адэсы” (1958), “Мінск, Свіслач” (1961), “На ўскраіне Мінска” (1963), “Над Цісай” (1967), “Карпаты” (1969), “На залатым пляжы” (1970), “Старая Рыга” (1973), “Зіма ў Беларусі” (1974), “Непал. У прадгор’ях Гімалаяў”, “Ранак у Дэлі”, “Ускраіна Дэлі” (усе 1976), “Ракаў” (1980), “На Нарачы” (1986),  “Старажытны Мінск” (1987) і інш.


                                            

 

Творы “Жыта каласуе” (1973), “Палі апусцелі” (1982), “Купалаўскі вечар”, “Пакінуты хутар”, “Зімнія прыцемкі” (усе 1986), “Мелодыя адыходзячага лета” (1995) здзіўляюць тонкасцю жывапісу, уменнем выяўляць багацце паэтычных пачуццяў.


                                        

Павел Масленікаў – аўтар шэрага тэматычных карцін: “Апошні” (1967), “Дарогай смерці” (1978), “Выхад з блакады” (1982), “Каля гары Машэкі” (1987), “За вызваленне” (1988) і інш.


                                        

Павел Васільевіч вядомы не толькі як тэатральны мастак і пейзажыст, але і як педагог і мастацтвазнаўца. Больш за 30 гадоў ён працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе выхаваў плеяду таленавітых мастакоў. Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР і абароны дысертацыі П. Масленікаў займаўся вывучэннем творчасці жывапісцаў, рабіў даследаванні ў галіне тэорыі выяўленчага мастацтва. Ён аўтар манаграфіі “Беларускі савецкі тэматычны жывапіс” (1962), артыкулаў для энцыклапедычных і даведачных выданняў, газет і часопісаў.

Павел Масленікаў пакінуў багатую творчую спадчыну. Большасць сваіх жывапісных палотнаў перадаў Магілёўскаму абласному мастацкаму музею, якому ў 1996 г. было прысвоена яго імя. Творы П. Масленікава знаходзяцца ў музеях, галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі (у Расіі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Венгрыі, Японіі і інш.).

Павел Васільевіч Масленікаў з’яўляецца стваральнікам творчай дынастыі: яго сын Уладзімір і ўнук Павел сталі мастакамі, дачка Вера – мастацтвазнаўцам.