Да юбілею Боны Сфорца

2 лютага спаўняецца 530 гадоў з дня нараджэння Боны Сфорца

Італьянская арыстакратка Бона Сфорца д’Арагона ўвайшла ў гісторыю Беларусі, дзякуючы сваёй гаспадарчай, палітычнай і культурнай дзейнасці, якая закранула амаль усе сферы жыцця Вялікага Княства Літоўскага.

Нарадзілася яна ў сям’і міланскага герцага Джана Галеацы Сфорца і неапалітанскай прынцэсы Ізабэлы Арагонскай. Бона атрымала бліскучую адукацыю – вывучала латынь, гісторыю, права, тэалогію, геаграфію, прыродазнаўства, дакладныя навукі, музыку, любіла паляванне і верхавую язду, валодала майстэрствам рыхтавання ядаў і супрацьяддзяў. Разумная, прыгожая і радавітая дзяўчына была адной з самых зайздросных еўрапейскіх нявест. Менавіта на яе ў 1517 г. выбраў сабе жонкай кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары.


Выбранніца караля хутка авалодала старабеларускай мовай і ўключылася ў мясцовыя справы. Лад жыцця Боны Сфорца прывёў да пашырэння сярод арыстакратычных колаў Польшчы і ВКЛ многіх культурных і тэхнічных дасягненняў эпохі Рэнэсансу – еўрапейскай моды і этыкету, італьянскай раскошы і моды на пакаёвых птушак, развядзення садоў, пашырэння ўжывання гародніны, спецый і віна.

Дзякуючы падтрымцы каралевы ў 1523 г. у Кракаве была выдадзена паэма М. Гусоўскага «Песня пра зубра», а ў 1529 г. – першы звод законаў дзяржавы – Статут ВКЛ.


                                                                                        

Бона Сфорца ажыццявіла шэраг эканамічных мерапрыемстваў: выкупіла закладзеныя за даўгі дзяржаўныя землі, вярнула ў вялікакняжацкі дамен маёнткі, незаконна захопленыя магнатамі княства. Дзякуючы яе клопатам гарады і мястэчкі атрымалі магдэбургскае права, з’явілася рэгулярная лінейная планіроўка вуліц, пашыраліся рамёствы і гандаль, будаваліся школы, храмы, шпіталі і замкі.

З пачатку 1550-х гг. Бона Сфорца пачала актыўную дзейнасць па арганізацыі маштабнай аграрнай рэформы на прыналежных ёй землях: праводзіўся абмер угоддзяў, іх падзел на стандартныя ўчасткі – валокі, збіраліся звесткі пра якасны стан ворных зямель. Правядзенне зямельнай рэформы і засяленне раней неабжытых зямель запатрабавала таксама работ па меліярацыі – быў пракладзены меліярацыйны канал даўжынёй 34 км у Кобрынскім павеце. Канал, названы ў гонар Боны Сфорца, з’яўляецца самым старым гідратэхнічным збудаваннем Беларусі.

Акрамя культурных і эканамічных пераўтварэнняў каралева і вялікая княгіня прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзвюх дзяржаў. Дзякуючы яе намаганням былі ўпершыню ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Польшчай і Францыяй (1524), падпісаны мірны дагавор з Турцыяй (1533). Бона арганізавала сваім дочкам дынастычныя шлюбы: Ізабэла стала каралевай Вугоршчыны, Кацярына – каралевай Швецыі і маці будучага караля Жыгімонта ІІІ Вазы, Соф’я – вялікай герцагіняй Браўншвейг-Вольфенбютэльскай, Ганна ўзяла шлюб з князем Сяміграддзя (Трансільваніі) Стэфанам Баторыем (з 1576 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі).


                                                                                           

Бона Сфорца вяла актыўную барацьбу за ўмацаванне манархічнай улады: дамаглася прызначэння на шэраг важных пасад сваіх прыхільнікаў, яшчэ пры жыцці мужа арганізавала выбранне вялікім князем ВКЛ і каралём польскім свайго сына Жыгімонта ІІ Аўгуста.


Актыўная дзейнасць Боны Сфорца выклікала ў сучаснікаў шмат незадаволенасці і нажыла сабе мноства ворагаў, якія распускалі пра яе жахлівыя чуткі. Пасля смерці мужа і канфлікту з сынам Жыгімонтам ІІ Аўгустам з-за яго жаніцьбы на Барбары Радзівіл Бона Сфорца жыла ў Варшаве. У 1556 г. яна з вялікай світай адбыла ў Італію, дзе неўзабаве памерла.

У беларускай гісторыі перыяд праўлення Боны Сфорца прынята называць залатым векам ВКЛ. Падзеямі жыцця гэтай выбітнай жанчыны цікавяцца і сучасныя гісторыкі, і літаратары.