Да юбілею Алены Мазанік

4 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння ўдзельніцы Мінскага патрыятычнага падполля Алены Рыгораўны Мазанік

Алена Рыгораўна Мазанік нарадзілася ў сялянскай сям'і вёскі Паддзягцярня Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У раннім дзяцінстве страціла бацьку і з малых гадоў была вымушана дапамагаць хворай маці. У пачатку 1930-х гг. пераехала ў Мінск. Працавала ў сталовай і доме адпачынку Саўнаркама БССР, сталовай ЦК КП(б) Беларусі.

У чэрвені 1941 г. Алена Мазанік была вымушана застацца ў акупіраваным Мінску. Працавала ў нямецкім афіцэрскім казіно: насіла дровы, тапіла печ, абірала бульбу, прыбірала памяшканні, чысціла боты, мыла бялізну. У пачатку лета 1943 г. уладкавалася на працу ў асабняк Кубэ. Паслужлівая, працавітая жанчына ў хуткім часе стала карыстацца даверам з боку гаспадароў.

Вільгельм фон Кубэ быў назначаны генеральным камісарам (кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі) Генеральнай акругі “Беларусь” летам 1941 г. і прыкладаў шмат намаганняў для ўсталявання “новага парадку”. Пры Кубэ на тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш двух соцень яўрэйскіх гета, 260 канцлагераў, 14 з якіх былі дзіцячымі, дзе дзяцей выкарыстоўвалі ў якасці донараў крыві для нямецкіх салдат. Карныя аперацыі, падчас якіх знішчаліся цэлыя вёскі, расстрэлы і павешанні партызан і падпольшчыкаў адбываліся амаль штодня. Пры гэтым гаўляйтэр рабіў выгляд, што цікавіцца лёсам беларусаў: выдаў інструкцыю аб абавязковай пачатковай адукацыі, падтрымліваў стварэнне Беларускай народнай самапомачы, Беларускай рады даверу, Саюза беларускай моладзі, легалізаваў дзейнасць Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, дазволіў друк шэрагу перыядычных выданняў.

Аперацыя па знішчэнні Кубэ была адной з асноўных задач падпольшчыкаў і партызан. Было арганізавана некалькі спроб ліквідацыі гаўляйтэра, але ён кожны раз пазбягаў пакарання. Патрабаваўся чалавек, які б меў магчымасць без перашкод дабрацца да яго. Адной з кандыдатур стала Алена Мазанік. Спачатку з ёй пазнаёмілася партызанская разведчыца і сувязная Надзея Траян. Праз некаторы час адбылося знаёмства Мазанік з кіраўніком падпольнай групы і партызанскай сувязной Марыяй Осіпавай. Было вырашана ліквідаваць Кубэ пры дапамозе міны, якую Марыя і перадала Алене. У ноч на 22 верасня 1943 г. адбыўся выбух, у выніку якога Вільгельм фон Кубэ быў забіты. У гэты час Алена Мазанік і Марыя Осіпава знаходзіліся ў партызанскім атрадзе. 12 кастрычніка Мазанік, Осіпава і Траян былі дастаўлены ў Маскву.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 кастрычнiка 1943 г. Алене Рыгораўне Мазанік, Марыі Барысаўне Осіпавай і Надзеі Віктараўне Траян было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза з уручэннем ордэнаў Леніна і медалёў “Залатая Зорка”.

 

                                                             

 

У 1948 г. А. Мазанік скончыла Вышэйшую рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б) Беларусі, у 1952 г. – Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Працавала ў Міністэрстве дзяржкантролю БССР, Фундаментальнай бібліятэцы Акадэміі навук, мела ганаровае званне заслужанага работніка культуры Беларусі, была ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І-й ступені, медалямі.

 

 

У 1981 г. была надрукавана дакументальная аповесць А. Мазанік “Возмездие” (“Адплата”), прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Другое выданне кнігі было ажыцёўлена ў 1988 г.

 

 

Подзвігу А. Мазанік, М. Осіпавай і Н. Траян прысвечаны мастацкі кінафільм “Гадзіннік спыніўся апоўначы” (1958), дакументальная стужка “Забіць гаўляйтэра” (2007), серыял “Паляванне на гаўляйтэра” (2012).