Да юбілею Яўстафія Тышкевіча

18 красавіка спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння гісторыка, археолага, этнографа, краязнаўца Яўстафія Піевіча Тышкевіча

Тышкевічы – старажытны шляхецкі род Вялікага Княства Літоўскага. Сярод яго прадстаўнікоў шмат знакамітых асоб: палітыкаў, военачальнікаў, вучоных, творцаў і мецэнатаў. Найбольш вядомымі з Тышкевічаў былі браты Канстанцін і Яўстафій, якія заклалі асновы беларускай навуковай археалогіі.

Яўстафій Тышкевіч нарадзіўся ў Лагойску. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Багатая бібліятэка, родавы архіў, расказы бацькоў спрыялі яго выхаванню. З 1824 г. Я. Тышкевіч вучыўся ў Віленскай і Мінскай гімназіях. У 1831 г. прыехаў у Пецярбург, дзе працаваў у канцылярыі Ордэнскага капітула Расійскай Імперыі, канцылярыі віленскага генерал-губернатара, харкаўскага губернскага сакратара. У 1840 г. выйшаў у адстаўку і вярнуўся ў Лагойск. У 1847 г. стаў членам часовай камісіі па зборы і выданні старажытных актаў, грамат і прывілеяў XVI–XVIII стст. гарадоў Мінскай губерні.

Яшчэ з маладых гадоў увагу Я. Тышкевіча прыцягвалі помнікі даўніны Лагойшчыны. Свае археалагічныя пошукі ён пачаў з даследавання курганоў. Вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мінску, Міры, Слуцку. У 1842 г. выдаў кнігу “Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або Апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у заходніх губернях Рускай дзяржавы”. Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі і пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег у археалогіі, Я. Тышкевіч пабываў у Хельсінкі, Стакгольме, Капенгагене. Усе свае знаходкі і адкрыцці, зробленыя падчас вандровак, апісаў у працы “Лісты пра Швецыю” (1846).


 

Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Я. Тышкевіч збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці. Вынікам дзесяцігадовых пошукаў стала праца “Апісанне Барысаўскага павета” (1847), якую сучаснікі назвалі выдатным здабыткам беларускай даследчыцкай думкі ХІХ ст.


 

Грунтоўна займаючыся фальклорам, Я. Тышкевіч сабраў кала 450 прымавак і прыказак. У кнізе “Узоры хатняга сумеснага жыцця ў Літве” (1844, дапрацаваны варыянт у 1864) выклаў свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагоддзяў.

Ідэя стварэння музея, які павінен быў стаць цэнтрам гістарычнай навукі і культуры, стала мэтай жыцця Я. Тышкевіча. Першым крокам стала адкрыццё ў 1842 г. музея ў родавым маёнтку. Экспазіцыю склалі здабытыя пры раскопках археалагічныя матэрыялы разам з іншымі рарытэтамі (калекцыі манет і гербаў, старажытныя рукапісы і кнігі, зброя рыцараў і творы мастацтва, рэчы замежнага паходжання і інш.). У 1856 г. у будынку Віленскага ўніверсітэта быў урачыста адкрыты Віленскі музей старажытнасцей. Даследчык ахвяраваў музею сваю бібліятэку (3 тыс. адзінак) і археалагічную калекцыю (2 тыс. адзінак). Пасля паўстання 1863–1864 гг. дзейнасць музея была афіцыйна забаронена, і Я. Тышкевіч пакінуў Вільню.

У канцы жыцця даследчык стварыў альбом “Магілы сямейства Тышкевічаў”, выдадзены асобнай кнігай у 1873 г. у Вільні.


 

З літаратурных твораў захаваліся яго вершы, стылізаваныя пад фальклор, аповесць “Нашы краі” (1871), успаміны пра В. Ваньковіча, Я. Рустэма, І. Ходзьку і інш. У рукапісах засталіся працы “Зельнік барысаўскіх ваколіц”, “Матэрыялы да нашай гісторыі”, асобныя матэрыялы па археалогіі, збор дакументаў і інш.

Навуковая дзейнасць Я. Тышкевіча была высока адзначана сучаснікамі. Ён быў абраны ганаровым членам Пецярбургскай акадэміі навук, членам Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцей, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцей, Лонданскага археалагічнага інстытута.