Да юбілею Мікалая Васільевіча Азбукіна

29 ліпеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння вучонага-географа і краязнаўца Мікалая Васільевіча Азбукіна

Гісторыя развіцця эканамічнай геаграфіі Беларусі цесна звязана з імем Мікалая Васільевіча Азбукіна. Сваёй плённай навуковай дзейнасцю вучоны аказаў моцны ўплыў на розныя галіны гаспадаркі і культуры краіны і яе асобных рэгіёнаў, заклаў асновы беларускага краязнаўчага руху.

Нарадзіўся ён у Бабруйску ў дваранскай сям’і. У 1912 г. скончыў Бабруйскую гімназію, у 1917 г. ‒ прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома працаваў настаўнікам геаграфіі і прыродазнаўства ў Славянскай гімназіі Бабруйска, быў дырэктарам Першай савецкай школы II ступені імя Я. Купалы, уваходзіў у камітэт Беларускага культурна-асветнага таварыства Бабруйска.

У 1921 г. М.В. Азбукін пачаў працаваць у Навукова-тэрміналагічнай камісіі, якая паслужыла асновай для стварэння Інстытута беларускай культуры (з 1929 г. Беларуская акадэмія навук). У першай палове 1920-х гг. ён неаднаразова ўдзельнічаў у экспедыцыях, збіраў матэрыялы для беларускага геаграфічнага слоўніка. У 1923 г. вучоны стварыў краязнаўчы кабінет у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па эканамічнай геаграфіі, выкладаў геаграфію Беларусі ў 13-й Савецкай працоўнай школе. З 1924 г. М.В. Азбукін як вучоны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства фактычна ажыццяўляў кіраўніцтва краязнаўчымі арганізацыямі Беларусі. У 1925 г. увайшоў у склад камісіі па арганізацыі геафізічнай службы. У 1927 г. паступіў у аспірантуру геаграфічнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1929 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам кафедры геаграфіі Беларускай акадэміі навук. У 1930 г. рэпрэсіраваны і высланы ў Налінск, затым быў пераведзены ў Вятку. Звестак аб тым, як вучоны правёў апошнія гады жыцця, захавалася няшмат. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Шмат увагі надаваў М.В. Азбукін даследаванню беларускіх населеных пунктаў, сярод якіх ‒ Пагост, Княжычы, Беразіно, Шацк, Ляды, Бялынічы і інш., быў рэдактарам краязнаўчага часопіса «Наш край», рыхтаваў падручнікі па геаграфіі для сярэдняй школы. Вучоны ўнёс значны ўклад у станаўленне айчыннай тэрмінаграфіі. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы трох тэрміналагічных слоўнікаў «Беларуская навуковая тэрміналогія» (БНТ). Разам з Л.Л. Більдзюкевічам падрыхтаваў трэці выпуск БНТ «Геаграфічныя і космаграфічныя тэрміны і назвы нябесных цел» (1923). Быў актыўным удзельнікам праекта Інбелкульта па батанічнай тэрміналогіі, вынікам якога стаў слоўнік «Батаніка агульная і спецыяльная» (1924). Найбольшую вядомасць атрымала кніга М.В. Азбукіна «Геаграфія Еўропы» (1924), адзін з раздзелаў якой прысвечаны Беларусі. У 1925 г. разам з А.А. Смолічам апублікаваў працу «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў». У ёй прадстаўлены агляд геаграфічных асаблівасцей Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі, Акіяніі і Антарктыды. Апошні са слоўнікаў Інбелкульта, у падрыхтоўцы якога прымаў удзел М.В. Азбукін ‒ 12-ты выпуск БНТ «Назвы жывёл» (1927). У працы «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» (1928) аўтар прааналізаваў пытанні і прынцыпы тыпалагізацыі паселішчаў рускіх і замежных вучоных.

 

              

 

Шырокая эрудыцыя дазволіла М.В. Азбукіну стаць адным з самых знакамітых географаў даваеннага часу.