Да юбілею адкрыцця Манумента Перамогі

4 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з часу адкрыцця Манумента Перамогі

Сярод знакамітых помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, сваёй мастацкай выразнасцю, прыцягальнай гармоніяй і неардынарнасцю вылучаецца Манумент Перамогі ў Мінску.

Ідэя стварэння помніка героям Вялікай Айчыннай вайны ўзнікла ў архітэктара Г. Заборскага яшчэ ў 1942 г. Першы эскіз манумента быў завершаны ім 3 ліпеня 1944 г.

 

 

Праект помніка героям Вялікай Айчыннай вайны Г. Заборскага (1944).

 

У 1950‒1951 гг. Саветам Міністраў БССР быў праведзены Усесаюзны конкурс на лепшы помнік-манумент у гонар перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. Журы конкурса разгледзела больш за сем дзясяткаў праектаў з усяго СССР. Перможцам конкурсу быў прызнаны праект архітэктараў Г. Заборскага і У. Караля.

 

 

Праект помніка-манумента ў гонар Перамогі Г. Заборскага і У. Караля (1951)

 

Манумент Перамогі быў адкрыты 4 ліпеня 1954 г. Ён уяўляе сабой 38‑метровы абеліск, абліцаваны шэрым гранітам. Яго вертыкальныя грані ўпрыгожваюць гарызантальныя палоскі беларускага арнаменту. На вяршыні помніка ўсталявана выява ордэна «Перамога». Для афармлення граняў выкарыстаны бронзавыя гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульптар А. Бембель), «Савецкая армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульптар С. Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульптар З. Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульптар А. Глебаў). Абеліск пастаўлены на гранёны расшыраны ўнізе стылабат, на якім знаходзіцца выява бронзавага мяча, абвітага лаўровай галінкай. Уся кампазіцыя размешчана на шырокім васьмігранным ступеньчатым подыуме, чатыры грані якога прарэзаны кубічнымі стылабатамі з чорнага лабрадарыту з чатырма бронзавымі лаўровымі вянкамі на іх (скульптар С. Адашкевіч). Вянкі сімвалізуюць 1‑ы, 2‑і, 3‑і Беларускія і 1‑ы Прыбалтыйскі франты, байцы якіх вызвалялі Беларусь. З абодвух бакоў цырыманіяльнай пляцоўкі размешчаны 12 гранітных блокаў з зямлёй гарадоў‑герояў: Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Адэсы, Севастопаля, Кіева, Наварасійска, Керчы, Тулы, Смаленска, Мурманска, Брэсцкай крэпасці. 3 ліпеня 1961 г. перад манументам быў запалены Вечны агонь. Зрабіў гэта ўдзельнік вызвалення Беларусі і ганаровы грамадзянін Мінска генерал‑палкоўнік А.С. Бурдзейны.

 

 

Плошча Перамогі (пачатак 1980-х гг.).

 

У 1984 г. плошча Перамогі была перапланавана (архітэктары Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў і К. Вязгін) і стала двухузроўневай. Падземны ўзровень уключае ў сябе кальцавую галерэю і мемарыяльную залу з імёнамі Герояў Савецкага Саюза, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі.