Партызанскі парад 1944 г.

16 ліпеня спаўняецца 80 гадоў з часу правядзення ў Мінску парада партызан

Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза супраць фашысцкай Германіі займае асобнае месца ў айчыннай гісторыі. Тры гады Беларусь знаходзілася ў акупацыі, і ўвесь час тут палыхала полымя сапраўднай народнай барацьбы. У кароткі тэрмін у беларускіх гарадах і вёсках разгарнулася моцнае супраціўленне, роўнага якому не было ў краінах Еўропы. Найбольш дзейснай яго формай стаў партызанскі рух. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі супраць нямецкіх акупантаў змагалася больш за 374 тыс. народных мсціўцаў, якія былі аб’яднаны ў 213 брыгад і 1255 атрадаў. Партызаны разбуралі камунікацыі ворага, стваралі свабодныя ад гілераўцаў зоны, прымалі ўдзел у абарончых баях і наступальных аперацыях Чырвонай Арміі. Гэта быў сапраўдны другі фронт, які меў важнае аператыўна‑стратэгічнае значэнне як для ходу ваенных дзеянняў на савецка‑германскім напрамку, так і для вынікаў вайны ў цэлым. З найбольшай сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан у час Беларускай аперацыі 1944 г. (кодавая назва “Баграціён”), у ходзе якой 3 ліпеня вораг пакінуў г. Мінск.

 

Беларуская аперацыя 1944 г. (карта).


У гонар вызвалення ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў сталіцы Беларусі 16 ліпеня 1944 г. адбыўся партызанскі парад. Ён праходзіў на тэрыторыі іпадрома (цяпер раён Першамайскай і Чырвонаармейскай вуліц). На ўрачыстым мітынгу прысутнічалі каля 50 тыс. жыхароў Мінска і воіны Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3‑м Беларускім фронтам генералам арміі І.Д. Чарняхоўскім. Парад прымаў начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху і старшыня Савета Народных Камісараў БССР П.К. Панамарэнка, камандаваў начальнік Беларускага штаба партызанскага руху П.З. Калінін. Урачысты марш адкрыла партызанская брыгада “Народныя мсціўцы” імя В.Т. Варанянскага, якая дзейнічала ў Мінскай вобласці.

 

Парадная калона беларускіх партызан (16 ліпеня 1944 г.)


Усяго ў парадзе ўдзельнічала каля 30 тыс. партызан (тут былі прадстаўлены ўсе злучэнні Міншчыны). Партызаны ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, самаходных гарматах, аўтамабілях, у тым ліку, трафейных. Асобнай калонай была прадстаўлена зводная група кавалерыі. Парад партызан 1944 г. адлюстраваў моц партызанскага руху рэспублікі, які набыў значэнне ваенна-стратэгічнага фактара ў Вялікую Айчынную вайну.