Да юбілею Раісы Кашэльнікавай

16 верасня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Раісы Кашэльнікавай

Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава нарадзілася на Гомельшчыне. Пад уплывам маці, сельскай настаўніцы, з дзяцінства захаплялася паэзіяй і тэатрам, прымала ўдзел у аматарскіх школьных спектаклях, чытала вершы Я. Купалы, спявала народныя песні. У 1923 г. скончыла педагагічны тэхнікум і паступіла ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. У 1926 г. з яе выпускнікоў у Віцебску быў арганізаваны Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ‑2, цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). Раіса Мікалаеўна працавала ў гэтым тэатры да 1939 г. За гэты час яна сыграла шмат роляў і стварыла шэраг яркіх і запамінальных вобразаў, якія вылучаліся драматызмам, выдатнай тэхнікай, пластычнасцю, акрэсленым знешнім малюнкам: Ксенія (“Разлом” Б. Лаўранёва), Аксана (“Гібель эскадры” А. Карнейчука), Аўгіння (“У пушчах Палесся” Я. Коласа) і інш. Адным з лепшых акцёрскіх дасягненняў Р. Кашэльнікавай у БДТ‑2 стаў вобраз Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Я. Купалы. Актрысе пашчасціла: народны паэт часта наведваў тэатр, быў асабіста знаёмы з актрысай, што дапамагала ёй у працы над роллю.

У 1939 г. Р. Кашэльнікава стала актрысай Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ‑1, цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), на сцэне якога стварыла цэлую галерэю высокамастацкіх вобразаў. Ёй былі падуладныя і камедыйныя, і драматычныя, і трагедыйныя ролі. У любой з іх актрыса ўмела закрануць сэрцы гледачоў, прымусіць іх любіць і ненавідзець сваіх гераінь. Найбольш ярка раскрыўся талент Р. Кашэльнікавай у спектаклях па творах рускіх і замежных драматургаў: Глафіра, Лябёдкіна, Глумава (“Ваўкі і авечкі”, “Позняе каханне”, “На ўсякага мудраца хапае прастаты” А. Астроўскага), Любоў Каламійцава (“Апошнія” М. Горкага), Ганна Ільінічна Ульянава (“Сям’я” І. Папова), Сюзанна (“Жаніцьба Фігаро” П. Бамаршэ), фру Ліндэ (“Нора” Г. Ібсена), мадэмуазэль Куку (“Безыменная зорка” М. Себасцьяна) і інш.

Вяршыняй творчасці Р. Кашэльнікавай у БДТ‑1 стала роля Паўлінкі ў п’есе Я. Купалы. Яе гераіня, мяккая і жаноцкая, гарэзлівая і задумлівая, памяркоўная і ўпартая, прываблівала грацыёзнасцю, прагай да жыцця, індывідуальнасцю і праўдзівасцю з’явілася на сцэне Томскага драматычнага тэатра (цяпер Томскі абласны тэатр драмы) у 1944 г.

 

                                                            


З цягам часу актрыса стала выконваць ролю Альжбеты – маці Паўлінкі. Яшчэ раз у сваёй творчай біяграфіі Р. Кашэльнікавай давялося “сустрэцца” з Я. Купалам у 1952 г., калі яна іграла жонку паэта – Уладзіславу Францаўну Луцэвіч – у спектаклі “Шчасце паэта” па п’есе В. Віткі. Сярод значных роляў беларускага рэпертуару – Броня, Клава (“З народам”, “Мілы чалавек” К. Крапівы), Куліна (“Людзі на балоце” паводле І. Мележа), Ізабэла (“Салавей” З. Бядулі), Марыля (“Раскіданае гняздо” Я. Купалы) і інш.

Дзякуючы выключнай працавітасці, патрабавальнасці і адказнасці Р. Кашэльнікава стала вядучай актрысай Купалаўскага тэатра, якому аддала больш за 40 гадоў творчага жыцця. За высокі прафесіяналізм, плённую дзейнасць у галіне культуры ёй было прысвоена званне народнай артысткі Беларусі.