Да юбілею Івана Сямёнавіча Дмухайлы

23 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Сямёнавіча Дмухайлы

Іван Сямёнавіч Дмухайла з’яўляецца прызнаным майстрам пейзажнага жывапісу. Яго карціны нагадваюць застылую музыку фарбаў, уражваюць лаканічнасцю, гармоніяй, дораць пяшчоту і радасць.

Мастак нарадзіўся на Украіне. Здольнасці да малявання ў яго праявіліся рана, іх развіццю паспрыялі дзядуля і маці. У 1934 г. І. Дмухайла паступіў у Днепрапятроўскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1939 г. Вучыўся ў М. Паніна, В. Коранева.

 

Іван Дмухайла (1934).


Мірнае жыццё абарвала Вялікая Айчынная вайна, удзельнікам якой ён быў з 1943 г. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. І. Дмухайла застаўся ў Беларусі. У разбураным гітлераўцамі Брэсце пачалася яго творчая біяграфія, у старажытным Гродне на поўную моц раскрыўся яго мастацкі талент, у Мінску стаў прызнаным майстрам. У 1958 г. ён быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, у 1996 г. атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

Больш за 60 гадоў пражыў І. Дмухайла ў Беларусі. Яго першыя карціны “Зіма” (1950), “Сажалка” (1947), “Дарога” (1952), праўдзіва і пераканальна адлюстроўвалі стан беларускай прыроды ў розныя поры года.

 

                                           

 

Ён шчыра любіў Беларусь і імкнуўся перадаць свае пачуцці на палотнах. Карціны “Веснавое сонца” (1957), “На ўзлессі” (1965), “Світае” (1970) і іншыя сталі сапраўднымі жывапіснымі гімнамі нашай краіне. Мастака называлі беларускім Левітанам. Карціны І. Дмухайлы “Травень (Белая квецень)” (1971), “Прыцемкі”, “Песня жыцця” (абедзве 1975), “Восеньскі эцюд” (1976), трыпціх “Сказ пра Белавежскую пушчу” (1978), “Песня пра мой край” (1985), “Вясна і рака” (1991), “Залатая восень” (1993), “Нёман” (2002), “Восеньская пара” (2003) і іншыя здзіўляюць тонкай жывапіснай мелодыкай, адметным колерам.

 

                                                      

 

Мастак маляваў не толькі пейзажы. У яго творчым набытку ёсць палотны гістарычнага жанру – “Вызваленне Заходняй Беларусі” (1949), “Першая баразна” (1950), “Вызваленне” (1951) і інш. Іван Дмухайла цікавіўся паэзіяй Я. Купалы і, захоплены асобай народнага паэта Беларусі, напісаў карціну “Абуджэнне. Я. Купала з жонкай” (1982), а таксама нізку краявідаў, прысвечаных купалаўскім мясцінам. Мастак шмат працаваў на пленэры. Тое, што замалёўваў непасрэдна з натуры, вылучалася выразнасцю, адпрацаванай перспектывай, ураўнаважанасцю фігур, каларыту, ліній, абагульненасцю вобразаў. Усе яго работы аб’ядноўваюцца любоўю да прыроды.

Іван Дмухайла пакінуў пасля сябе сотні краявідаў. Лепшыя творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, у музеях, галерэях і прыватных калекцыях за межамі краіны.