Да юбілею Міхаіла Рыгоравіча Солапава

15 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння музыканта, спецыяліста ў галіне музычнай адукацыі Міхаіла Рыгоравіча Солапава

Міхаіл Рыгоравіч Солапаў нарадзіўся ў с. Пакроўскім Цярбунскага раёна Ліпецкай вобласці (Расія) у сям’і музыкантаў‑самавукаў. Пачатковыя музычныя веды набываў самастойна: іграў у сямейным ансамблі, дзе мелодыі падбіраліся на слых. У 1940 г. паступіў у Курскае музычнае вучылішча, іграў на домры, трамбоне, баяне і літаўрах. Вучоба была спынена Вялікай Айчыннай вайной. У 1942 г. М.Р. Солапаў стаў курсантам ваеннага вучылішча, пасля заканчэння якога ваяваў на тэрыторыі Беларусі, Заходняй Украіны, Польшчы і Германіі. З’яўляўся салістам, акампаніятарам і ансамблістам франтавых канцэртных брыгад. Узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

Пасля дэмабілізацыі М.Р. Солапаў звязаў сваё жыццё з Беларуссю. Працаваў піяністам‑канцэртмайстрам у Брэсце і адначасова вучыўся ў Брэсцкім музычным вучылішчы (1948–1950). Пасля атрымання дыплома выкладаў у дзіцячай музычнай школе і Брэсцкім музычным вучылішчы. Завочна скончыў Маскоўскі музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных (1955). У 1951–1967 гг. быў дырэктарам Брэсцкага музычнага вучылішча. Адначасова з’яўляўся арганізатарам калектываў мастацкай самадзейнасці, у тым ліку сімфанічнага аркестра пры вучылішчы, хору настаўнікаў.

У 1967 г. М.Р. Солапаў быў запрошаны ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Вёў спецыяльны курс баяна, дырыжыраванне, чытанне партытур, інструментоўку, курс методыкі, тэорыі выканальніцтва і інш. Яму давялося працаваць разам з І. Жыновічам і Г. Жыхаравым. З 1973 па 1979 г. узначальваў кафедру народных інструментаў кансерваторыі. Пры яго непасрэдным удзеле былі адкрыты асістэнтура‑стажыроўка па баяне і струнных народных інструментах, класы гітары і акардэона, распрацаваны шэраг вучэбных курсаў. Міхаіл Солапаў спрыяў адкыццю Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры БССР і факультэта павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў музычных вучылішчаў па народных інструментах. Ён з’яўляўся арганізатарам шэрага навукова‑метадычных канферэнцый усесаюзнага і рэспубліканскага ўзроўняў, канцэртаў лепшых савецкіх выканаўцаў.

Вынікам шматгадовай педагагічнай дзейнасці М.Р. Солапава стала арыгінальная методыка музычнай адукацыі дзяцей, прапанаваная ім выкладчыкам дзіцячых музычных школ. У аснове гэтага метаду – прынцып ансамблевага музіцыравання, імправізацыі і акампанементу. Міхаіл Солапаў з’яўляецца аўтарам п’ес, песень, рамансаў, апрацовак і інструментовак для аркестраў і ансамбляў, вучэбных праграм, метадычных рэкамендацый, работ па музычнай псіхалогіі і педагогіцы, артыкулаў па гісторыі выканальніцтва на народных інструментах і інш.

 

                                                                

 

Міхаіл Рыгоравіч выхаваў цэлую плеяду музыкантаў, якія працуюць у розных галінах мастацтва як у Беларусі, так і за яе межамі. Сярод іх – лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў І. Атраднаў, І. Яраш; народная артыстка Беларусі С. Лясун; выкладчыкі Л. Сухаварава, В. Селін, В. Шыманоўская, У. Чэрнікаў, А. Каліна; кіраўнікі творчых калектываў, дырыжоры і інш.

Творчая дзейнасць М.Р. Солапава была высока ацэнена дзяржавай. У 1963 г. яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі, у 1992 г. – заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. За ўклад у развіццё беларускай музыкі М.Р. Солапаў узнагароджаны медалём і ордэнам Ф. Скарыны, ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага І ст. Беларускай Праваслаўнай Царквы.