
Ігар Міхайлавіч Курбатаў нарадзіўся ў Маскве. У 1929 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яшчэ ў час вучобы вывучаў біяхімію торфу на занятках навуковага гуртка. Пасля атрымання дыплома працаваў на тарфяной вопытнай станцыі Інстытута торфу Наркамата цяжкай прамысловасці. У 1932 г. прызначаны кіраўніком біяхімічнай групы сектара сыравіны. З 1933 г. працаваў на Украінскай навукова-даследчай станцыі электрыфікацыі сельскай гаспадаркі на пасадзе фізіёлага па вывучэнні закрытага грунту. З 1935 г. І.М. Курбатаў – супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута харчовай прамысловасці БССР. Адначасова ў 1937‒1938 гг. – выкладчык Беларускага політэхнічнага і Гомельскага педагагічнага інстытутаў. У 1938 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Электросветокультура овощей в закрытом грунте». З 1939 г. І.М. Курбатаў узначальваў кафедру біялогіі Віцебскага педагагічнага інстытута.
У час Вялікай Айчыннай вайны кіраваў хімічнай службай 252-га авіяцыйнага палка далёкага дзеяння, 6-га гвардзейскага палка дальняй авіяцыі цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў, меў баявыя ўзнагароды.
З 1945 г. І.М. Курбатаў працаваў ва Ульянаўскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 1949 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Происхождение и состав органического вещества торфа». З 1954 г. яго жыццё было звязана з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Ігар Міхайлавіч ‒ аўтар больш за 90 навуковых прац, прысвечаных біяхіміі глебы і торфу, фізіялогіі ўздзеяння глеб на працэсы росту і фотасінтэзу раслін. Сярод іх ‒ «Теоретические основы применения торфа на удобрение» (1958), «Краткий курс лекций по органической химии» (1958), «Микробиология подзолистых почв и органических удобрений» (1969), «Основы общей микробиологии» (1970).
Вучоны абгрунтаваў новую тэорыю працэсу ўтварэння торфу ‒ тэорыю тарфагеннага пласта. У адрозненне ад ранейшых уяўленняў аб тым, што торфаўтварэнне з’яўляецца працяглым працэсам, ён выказаў меркаванне, што атарфаванне ‒ адносна кароткі біяхімічны працэс, які праходзіць пад уплывам мікраарганізмаў. Ігар Міхайлавіч Курбатаў прымаў удзел у мікрабіялагічных даследаваннях па культуры ізаляваных тканак і органаў з выкарыстаннем метадаў in vitro, займаўся вывучэннем шэрага фізіялагічных і біяхімічных характарыстык раслін.
Адначасова з навукова-даследчай дзейнасцю І.М. Курбатаў шмат увагі надаваў педагагічнай рабоце і падрыхтоўцы навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена 10 кандыдацкіх і адна доктарская дысертацыя, падрыхтаваны і выдадзены шэраг лекцый для студэнтаў агранамічных спецыяльнасцей. Вучоны прымаў актыўны ўдзел у грамадскай рабоце, працы таварыства «Веды» пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Батанічнага і Мікрабіялагічнага таварыстваў Беларусі і інш.
У 1965 г. Ігар Міхайлавіч Курбатаў быў удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі.