
Лідзія Львоўна Арабей адносіцца да тых беларускіх пісьменнікаў, чыё юнацтва было апалена Вялікай Айчыннай вайной. Убачанае і перажытае ў тыя цяжкія гады стала галоўнай тэмай яе творчасці.
Нарадзілася Л. Арабей у в. Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і служачых. Пасля смерці бацькі разам з маці ў 1930 г. пераехала ў Мінск. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыла восем класаў школы. У 1942–1944 гг. жыла ў Шчучыне. Пасля вызвалення Беларусі працавала ў рэдакцыі шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». У 1945 г. вярнулася ў Мінск і паступіла ў дзясяты клас школы рабочай моладзі, адначасова працавала ў часопісе «Вожык». У 1946 г. стала студэнткай філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчала з работай у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», некаторы час была настаўніцай пачатковай школы. У 1951–1954 гг. Л. Арабей з’яўлялася аспіранткай Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1955 па 1967 г. была старшым рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1958 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана жыццю і творчасці А. Пашкевіч (Цёткі). У гэтым жа годзе стала членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1967 па 1974 г. з’яўлялася літсупрацоўнікам часопіса «Полымя».
Лідзія Арабей у рэдакцыі часопіса «Полымя».
Друкавацца Л. Арабей пачала яшчэ ў студэнцкія гады. Яе першыя апавяданні былі апублікаваны ў часопісе «Вожык». Сярод іх – «Прыгода адной заявы» (1946), «Безграматнемія» і «Спадніцы» (1947), «Дружкі мілыя» і «У адным горадзе» (1950), «Мемуары падарожніка» (1952) і інш. Працуючы над мастацкімі творамі, Л. Арабей працягвала займацца навуковай работай, якую пачала ў час вучобы ў аспірантуры. Грунтоўнымі працамі сталі дзве манаграфіі «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер: жыццё і творчасць» (1959), дзе даследчыца прадэманстравала ўменне аналізаваць мастацкую структуру твораў, сістэму вобразаў і аўтарскі стыль.
Аднак найбольш ярка і арганічна раскрыўся талент Л. Арабей як пісьменніцы. У 1962 г. асобным выданнем выйшла яе першая аповесць «Мера часу», у якой адлюстраваны жыццё і праца моладзі гадзіннікавага завода. У 1964 г. з’явіўся зборнік прозы «Экзамен». У дакументальных аповесцях «На струнах буры» (1967), «Стану песняй» (1977), «На полымі любві» (2006) Л. Арабей апісвае жыццёвы і творчы шлях беларускай паэтэсы А. Пашкевіч (Цёткі).
Асноўнай у творчасці Л. Арабей стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. У творах пісьменніцы аб вайне няма захапляючага сюжэта, хуткай змены падзей, гераічных подзвігаў, баявых аперацый на франтах і ў тыле. Галоўнымі героямі з’яўляюцца простыя людзі, якія ва ўмовах акупацыі не скарыліся, не страцілі чалавечую годнасць. Падзеі вайны адлюстраваны ў аповесцях «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманах «Іскры ў папялішчы» (1970) і «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980).
Тэматыка твораў Л. Арабей не зводзіцца толькі да праблем ваеннага часу. Аповесці «Ваўчкі» (1972), «На крыжавых пуцінах» (1980), «Дзень мінулы, дзень наступны» і «Паласа дажджу» (1984) прысвечаны актуальным пытанням канца ХХ ст. Асноўны змест твораў другой паловы 1980-х – 1990-х гг., якія увайшлі ў зборнікі «Пошукі кахання» (1987), «Халодны май» (1993), «Перавал» (1998), – справы моладзі і яе ўдзел у грамадскім жыцці краіны, будні вясковай інтэлігенцыі, гераічныя старонкі народнай памяці.
Лідзія Арабей – аўтар кнігі абразкоў «Пошукі ісціны» (2005, перавыданне 2012), апавяданняў-успамінаў «Белае поле» (2008), «Горкія ягады» (2011).
Пісьменніца звярталася і да дзіцячай тэматыкі. Займальна напісаны апавяданні для юных чытачоў, якія склалі зборнікі «Калібры» (1960), «Ісці ў разведку» (1989), «Добрая фея» (1999), аповесць «Сіні бор» (1972).
Асобныя творы А. Арабей перакладзены на рускую, польскую, чэшскую, літоўскую мовы.