
Кузьма Чорны (сапраўднае імя Раманоўскі Мікалай Карлавіч) узбагаціў нацыянальную прозу творамі, у якіх пастаўлены вострыя праблемы часу, зроблены глыбокія філасофскія абагульненні і выяўлены новыя вобразныя магчымасці беларускай мовы.
Нарадзіўся К. Чорны ў маёнтку Боркі Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер в. Жабчава Капыльскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. З 1908 г. жыў у в. Цімкавічы, дзе скончыў народнае вучылішча. У 1916 г. паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У пачатку 1920-х гг. К. Чорны быў сакратаром валаснога рэўкама, настаўнікам, справаводам павятовага ваенкамата. У 1923 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1925 г. па стане здароў’я пакінуў вучобу. Працаваў у рэдакцыі газеты «Беларуская вёска» (1924–1928), з’яўляўся старшынёй літаратурнага аб’яднання «Узвышша» (1926–1931). З 1934 па 1938 г. К. Чорны загадваў кабінетам маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У кастрычніку 1938 г. яго арыштавалі. Пакаранне адбываў у мінскай турме, у чэрвені 1939 г. быў вызвалены. У гады Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік жыў у Маскве. Удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», выступаў на радыё. У верасні 1944 г. разам з сям’ёй вярнуўся ў Мінск. Працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь», займаўся літаратурнай творчасцю.
Першыя артыкулы і вершы К. Чорнага былі апублікаваны ў 1920 г. У 1923 г. у газеце «Савецкая Беларусь» з’явілася апавяданне «На граніцы», потым – «Будзем жыць», «На беразе», «Максімка», «Быльнікавы межы» і інш. Творчае станаўленне К. Чорнага праходзіла актыўна, і ўжо ў 1925 г. выйшлі два празаічныя зборнікі «Срэбра жыцця» і «Апавяданні». Раннія творы пісьменніка нагадваюць замалёўкі, імпрэсіі, асобныя з іх можна аднесці да вершаў у прозе, у якіх гучыць уласцівы маладнякоўцам прыўзняты паэтычны настрой.
У сярэдзіне 1920-х гг. адбыліся прыкметныя змены ў стылі К. Чорнага. У зборніках апавяданняў «Па дарозе», «Пачуцці» і «Хвоі гавораць» (усе 1926), «Вераснёвыя ночы» (1929) пісьменнік імкнуўся раскрыць унутраныя матывы ўчынкаў чалавека, маральны змест яго паводзін. Пошукі адказаў на вечныя і надзённыя пытанні, драматычны напал пачуццяў і думак яскрава выявіліся ў першых раманах «Сястра» (1927–1928), «Зямля» (1928). Раманы «Вецер і пыл» (1927–1929), «Ідзі, ідзі» (1930, няскончаны), аповесці «Лявон Бушмар» (1929) і «Вясна» (1930) прысвечаны калектывізацыі.
Пра змены ў жыцці грамадства, выкліканыя Першай сусветнай вайной, дзвюма рэвалюцыямі, белапольскай акупацыяй, устанаўленнем савецкай улады пісьменнік расказаў у рамане «Бацькаўшчына» (1931). Уплыў уласнасці на жыццё і лёс чалавека адлюстраваны ў рамане «Трэцяе пакаленне» (1935). У аповесці «Люба Лук’янская» (1936) К. Чорны паказаў жыццё жанчыны ў перыяд войнаў і рэвалюцый.
Раманы «Вялікі дзень» (1941–1944, няскончаны), «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны шлях» (1944), аповесці «Скіп’ёўскі лес» (1944, няскончана) і «Сумліцкая хроніка» (1941–1944), створаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, прасякнуты бязмежнай любоўю да Бацькаўшчыны і верай у Перамогу.
Значны ўклад унёс К. Чорны ў гісторыю беларускай драматургіі і тэатра. Ён з’яўляецца аўтарам артыкулаў «Пра сваю п’есу» (1932), «Заўвагі пра драматургію» (1933), «Працаваць над драматургічным словам» (1934), «Тэатр з будучыняй» (1935), «Вялікая школа для ўсіх тэатраў» (1940) і інш.; сфарміраваў шэраг прынцыповых патрабаванняў, накіраваных на павышэнне прафесійнага майстэрства драматургаў. Першым драматургічным творам К. Чорнага стала сцэна-сатыра «Не пішы чорт ведае як» (1925). Потым былі створаны п’есы «Лета» (1932), «Бацькаўшчына» (1932), «Базылевічава сям’я» (1938), «Ірынка» (1941).
Кузьма Чорны займаўся перакладамі твораў вядомых расійскіх даматургаў. На беларускую мову ім пераствораны «Рэвізор» М. Гогаля, «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне» А. Астроўскага, «Апошнія» і «Варвары» М. Горкага, а таксама аповесці «Станцыйны даглядчык», «Трунар», «Дуброўскі» і «Капітанская дачка» А. Пушкіна, шэраг твораў У. Караленкі і інш.
Кузьма Чорны з’яўляецца таксама аўтарам некалькіх апавяданняў для дзяцей, выдаў кнігу фельетонаў «Кат у белай манішцы» (1942), у 1971 г. выйшаў зборнік яго гумарыстычных твораў «Вяселле ў Скіп’ёўскім Пераброддзі». Асабістае, перажытае і перадуманае выказана пісьменнікам у «Дзённіку» (апублікаваны ў часопісе «Полымя» ў 1988 г.).
У апошнія месяцы жыцця К. Чорны цяжка хварэў. 22 лістапада 1944 г. ён памёр і быў пахаваны на Вайсковых могілках Мінска. Імем К. Чорнага названа школа ў Цімкавічах, дзе створаны літаратурны музей пісьменніка (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), а таксама вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Нясвіжы і Слуцку. У 2000 г. у в. Жабчава на месцы дома, дзе нарадзіўся К. Чорны, устаноўлены памятныя знакі з мемарыяльнымі дошкамі.
Шмат цікавага матэрыялу змяшчае раздзел віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечаны жыццю і дзейнасці К. Чорнага.