Да юбілею Антонія Радзівіла

13 чэрвеня спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння палітыка, кампазітара і мецэната Антонія Генрыка Радзівіла

Род Радзівілаў даў Беларусі не толькі вядомых палітыкаў, военачальнікаў, прадстаўнікоў вышэйшага духавенства, але і цэлую плеяду дзеячаў культуры – асветнікаў, паэтаў, мастакоў, музыкантаў. Адным з прадстаўнікоў гэтага вялікага роду быў Антоні Генрык Радзівіл – кампазітар-аматар, спявак, мецэнат, заснавальнік берлінскай лініі Радзівілаў.

Князь Антоні нарадзіўся ў Вільні. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. З маладых гадоў добра іграў на віяланчэлі, нядрэнна маляваў, цікавіўся матэматыкай. У 1792 г. А. Радзівіл пачаў вучыцца ў Гётынгенскім універсітэце (Германія). Знаёмства з культурным жыццём Еўропы зрабіла дабратворны ўплыў на развіццё яго кампазітарскага таленту. У 1794 г. А. Радзівіл перабраўся ў Берлін, дзе праз два гады ажаніўся з пляменніцай прускага караля Фрэдэрыкай Луізай.

Маладыя пасяліліся ў палацы, які ім падараваў бацька Антоні. З гэтага моманту князь, як неаднойчы ён прызнаваўся сябрам і блізкім, змог цалкам прысвяціць сябе музыцы. Гэтаму спрыяла і атмасфера дома Радзівілаў, які наведвалі славутыя асобы: Людвіг ван Бетховен, Фелікс Мендэльсон, Фрыдэрык Шапэн, Марыя Шыманская, а таксама дзеячы культуры і тэатра, вядомыя палітыкі. Палац Радзівілаў у Берліне пачалі называць “палацам на Вільгельмштрасе”. У час берлінскіх вечароў прагучалі першыя творы Радзівіла-кампазітара. Спачатку гэта былі звычайныя імправізацыі пад акампанемент віяланчэлі і гітары. Пакрысе А. Радзівіл пачаў пісаць уласныя музычныя творы.

 

Г. Семірадскі. Канцэрт Фрыдэрыка Шапэна ў салоне князя Антонія Радзівіла ў 1829 г. (1887)


Час творчасці кампазітара – першая трэць XIX ст. – перыяд заняпаду класіцызму, зараджэння сентыменталізму і перамогі рамантызму ва ўсіх відах мастацтва. Усе гэтыя мастацкія кірункі выяўлены ў творчасці А. Радзівіла. Ён пакінуў пасля сябе каля трыццаці камерных вакальных твораў. Асаблівай увагі заслугоўваюць рамансы на вершы невядомых нямецкіх паэтаў.

 

                                                           

 

Самы буйны твор Антоні Радзівіла – опера “Фаўст” на тэкст І.В. Гётэ. Геніяльны паэт сам згадзіўся на супрацоўніцтва з кампазітарам у якасці лібрэтыста. Пачынаючы з прэм’еры 1835 г., опера многія дзесяцігоддзі з вялікім поспехам ішла ў тэатрах Германіі, Польшчы, Чэхіі, Англіі.

У Беларусі фрагменты “Фаўста” ўпершыню былі паказаны ў 1995 г. у Нясвіжы “Беларускай капэлай”, а 20 ліпеня 1999 г. на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбылася прэм’ера оперы А. Радзівіла. Для тэатральнай пастаноўкі Г. Каржанеўскай была зроблена рэдакцыя музычнай часткі “Фаўста”, перакладам лібрэта займаўся паэт і перакладчык В. Сёмуха.

 

                             

 

Паводле свайго паходжання і становішча ў грамадстве князь быў абавязаны займацца палітыкай. Магчыма, па гэтай прычыне ён напісаў не так многа музычных твораў. Тым не менш, у мастацтве Антоні Генрык Радзівіл дасягнуў такіх вяршынь, што ўжо пры жыцці стаў даволі вядомым кампазітарам. Сведчанні пра гэта пакінулі І.В. Гётэ, К. Цэльтэр і К. Лёвэ, Ф. Шапэн, Р. Шуман, Ф. Ліст, У. Адоеўскі.