Date of Birth:
20.02.1936 Чэрвень, г., Мінская вобласць
Date of death:
19.12.2018
Quick reference:
кампазітар, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1991), Літаратурнай прэміі імя В. Віткі (2001), ганаровы грамадзянін Чэрвеня, узнагароджаны медалём Ф. Скарыны
Names in other languages:
Tesakov Kim Dmitrievich (english); Тесаков Ким Дмитриевич (russian);
3213 chars
Reference
Галоўныя творчыя дасягненні кампазітара Кіма Дзмітрыевіча Цесакова звязаны з сімфанічнай і камерна-інструментальнай музыкай. Ён напісаў 10 струнных квартэтаў і шмат твораў для розных інструментаў і інструментальных складаў, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд беларускай музычнай класікі.
Нарадзіўся К. Цесакоў у Чэрвені ў сям’і ваеннаслужачага. У 1950 г. паступіў на дырыжорска-харавое аддзяленне Гомельскага музычнага вучылішча. Пачаў пісаць песні і рамансы. У 1954–1956 гг. вучыўся на кампазітарскім аддзяленні Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас А. Багатырова). З 1958 г. працаваў у Новасібірскім музычным вучылішчы канцэртмайстрам, педагогам тэарэтычных дысцыплін. Кампазітарскае майстэрства ўдасканальваў у Новасібірскай кансерваторыі (клас Г. Іванова). Шмат вандраваў па краі, удзельнічаў у фальклорных экспедыцыях. Свае ўражанні адлюстраваў у сімфанічнай паэме «Ангара» (1962), песні «Зямля сібірская», «Песні-кантаце пра Сібір». Вялікі ўплыў на яго ў час вучобы аказалі майстар-класы Д. Шастаковіча. Напісанае па яго парадзе Струннае трыа (1961) стала першай значнай работай музыканта.
Пасля заканчэння навучання ў 1965 г. К. Цесакоў вярнуўся на радзіму. З 1966 г. выкладаў у Беларускай кансерваторыі і ў 1972–1996 гг. у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры ёй. У 1969–1971 гг. загадваў рэдакцыяй музычнай літаратуры ў выдавецтве «Беларусь». У 1967 г. стаў членам Саюза кампазітараў БССР. Працаваў кампазітар у розных жанрах: сімфоніі, оперы, араторыі, кантаты, раманса, песні і інш. Многія арыгінальныя па замысле праграмныя творы звязаны з нацыянальнай беларускай тэматыкай: сімфанічная паэма «Тарас на Парнасе» (1967), араторыя «Хатынь» (1973), кантата «Купалле» (1989) і інш. Першым у Беларусі кампазітар пашырыў оперную жанравую сферу стварэннем радыёопер «Барвовы золак» (1978, лібрэта В. Лукшы паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І. Мележа) і «Палын – трава горкая» (1987, лібрэта В. Вольскага). Пісаў музыку для тэатра і кіно. У Дзяржаўным тэатры лялек Беларусі напісаў музыку да спектакляў «Залаты конь» Я. Райніса (1972), «Дзед і Жораў» В. Вольскага (1973), «Дзякуй, вялікае дзякуй!» (1974) і «Скажы сваё імя, салдат» (1975) А. Вярцінскага, «Да трэціх пеўняў» паводле В. Шукшына і «Крэсіва» Г. Спяранскага паводле Х.К. Андэрсена (1976), «Папялушка» Т. Габэ (1978). Стварыў рэпертуар для дзіцячых музычных школ – «Беларускія сувеніры» для фартэпіяна, «Акварэлі» для голаса і фартэпіяна, «Альбом юнага піяніста», «Дударыкі» для драўляных музычных інструментаў, «Урокі музыкі» для віяланчэлі і фартэпіяна і інш.
Музыказнаўцы адзначаюць, што творчасці К. Цесакова характэрны выкарыстанне беларускіх народных спеўных традыцый, філасофская глыбіня і маштабнасць вобразна-драматургічнага абагульнення. Яго творы з поспехам выконваліся на канцэртах у Беларусі і за мяжой. Кампазітар неаднаразова станавіўся лаўрэатам усесаюзных і рэспубліканскіх прафесійных прэмій і конкурсаў. У 1998 г. К. Цесакову прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Ён узнагароджаны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1991), Літаратурнай прэміяй імя В. Віткі (2001), медалём Ф. Скарыны (2006). Кампазітар з’яўляўся ганаровым грамадзянінам Чэрвеня.