Date of Birth:
1858 Пінск, каля г., Брэсцкая вобласць
Date of death:
?
Quick reference:
жывапісец, графік, педагог
Name Options:
Дмахоўскі Тадэвуш Уладзіслававіч
Names in other languages:
Дмоховский Тадеуш Владиславович (russian); Дмоховский Фаддей Владиславович (russian); Дмоховский Фадей Владиславович (russian);
2023 chars
Reference
Жывапісец, майстар станковага партрэта і гістарычнай кампазіцыі Фадзей Уладзіслававіч Дмахоўскі нарадзіўся ў 1858 г. у сям’і небагатага шляхціца каля Пінска (па іншых крыніцах у в. Малая Плотніца Пінскага павета). Бацька яго – Уладзіслаў Дмахоўскі, таксама мастак, – быў сасланы ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг., маці памерла ў 1860-я гг., і маленькі Фадзей выхоўваўся ў сваякоў у Дзвінску (зараз – г. Даўгаўпілс, Латвія).
Першапачатковую мастацкую адукацыю будучы майстар атрымаў у Варшаўскай мастацкай школе. У 1873–1877 гг. быў вольным слухачом Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе дэманстраваў добрыя здольнасці да гістарычнага і пейзажнага жывапісу. Так, за ўдалы эскіз карціны “Лясная глуш” (зараз знаходзіцца ў Музеі Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу), створанай на аснове назіранняў у беларускіх лясах і балотах, малады мастак нават атрымаў грашовую ўзнагароду.
З сярэдзіны 80-х гг. ХІХ ст. жыў і працаваў у Кракаве, вучыўся ў Я. Матэйкі. Пад уплывам яго творчасці Ф. Дмахоўскі захапіўся геральдыкай: глыбока ведаў геральдыку і маляваў для “Гербоўніка Літоўскага” гербы беларускіх гарадоў (Полацка, Віцебска, Веліжа і інш.). Гербы ў яго выкананні публікаваліся ў пачатку ХХ ст. у віленскіх часопісах “Kwartalnik Litewski” (“Квартальны Літоўскі”), “Litwa і Rus” (“Літва і Русь”).
Графічных работ Ф. У. Дмахоўскага захавалася няшмат. Акрамя малюнкаў гербаў вядома графічная серыя партрэтаў беларускіх князёў, польскіх каралёў, гістарычных асоб і дзеячаў культуры (Леха Крака, Мешкі ІІ. Пяста, Напалеона, Т. Касцюшкі, А. Міцкевіча і інш.), выкананая ў тэхніцы літаграфіі (зараз знаходзіцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы). Працаваў Ф. У. Дмахоўскі і ў тэхніцы вітражу. Вядомы дзве яго кампазіцыі на біблейскія сюжэты, зробленыя для Марыяцкага касцёла ў Кракаве. У 1893–1918 гг. мастак працаваў у Пецярбургу, з 1907 г. выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў.
Па некаторых крыніцах памёр Ф. У. Дмахоўскі ў 1930 г.