Лілія Фёдараўна Тамашова нарадзілася ў в. Цеплякі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і рабочага-чыгуначніка. Яе дзіцячыя гады прайшлі на Кольскім паўвостраве, куды бацькі пераехалі ў пошуках заробку. У 1935 г. вярнуліся ў Беларусь. Жылі на чыгуначным перагоне каля станцыі Багушэўск (Віцебская вобласць). Першыя тры гады (1933–1935) дзяўчынка вучылася ў пачатковай школе на станцыі Палярны Круг (Карэльская АССР), потым – у Багушэўскай сярэдняй школе, дзе скончыла восем класаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны сям’я знаходзілася ў эвакуацыі ў пасёлку Ашчэбутак Дамбараўскага раёна Чкалаўскай вобласці. Летам Л.Ф. Тамашова працавала ў калгасе, зімой – на машынна-трактарнай станцыі.
Вярнуўшыся ў Беларусь, яна ў верасні 1944 г. пайшла ў 10-ы клас Багушэўскай сярэдняй школы, пасля заканчэння якой без экзаменаў паступіла на толькі што арганізаванае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Адначасова працавала ў рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”. На другім курсе перайшла на філалагічны факультэт БДУ.
У 1949 г. Л.Ф. Тамашова атрымала дыплом і была накіравана ў Віцебскі педагагічны інстытут. Выкладала рускую літаратуру на філалагічным факультэце, пасля яго ліквідацыі з 1953 г. працавала ў Ялцінскім педагагічным вучылішчы. Праз год пераехала ў Мінск. Звыш 25 гадоў Л.Ф. Тамашова займалася методыкай выкладання беларускай літаратуры ў школе. З 1954 г. з’яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам, з 1959 г. – загадчыкам сектара методыкі мовы і літаратуры Інстытута педагогікі; у 1967–1978 гг. – інспектарам-метадыстам аддзела падручнікаў і метадычнай літаратуры Міністэрства асветы БССР.
Друкавацца Л.Ф. Тамашова пачала з 1956 г. Першыя публікацыі былі звязаны з тэмай “Якуб Колас у школе”. Яна распрацавала таксама методыку вывучэння апавяданняў К. Чорнага, Э. Самуйлёнка, рамана I. Шамякіна “Крыніцы”, паэзіі П. Панчанкі, першыню ўключыла ў школьную праграму творы В. Быкава.
Найбольш значнымі працамі Л.Ф. Тамашовай з’яўляюцца метадычныя дапаможнікі «Вывучэнне трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” ў школе» (1957), «Вывучэнне паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” ў школе» (1959), “Вывучэнне беларускай літаратуры ў 8 класе” (1965, у суаўтарстве). Лідзія Фёдараўна з’яўляецца адным з аўтараў падручнікаў-хрэстаматый “Родная літаратура” для 7-га (1969 і 1980 гг.) і 8-га (1962 і 1989 гг.) класаў і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.