Саламон Шнеуравіч (Аляксандравіч) Херсонскі, выдатны музыкант, адзін з заснавальнікаў кантрабасавага выканальніцкага мастацтва ў Беларусі, нарадзіўся ў Адэсе (па некаторых звестках у г. Бендэр, Малдова) у сям'і рабочага. Вучыўся ў Адэскім музычным вучылішчы. У 1916 г. паступіў у Адэскую кансерваторыю. З 1918 г. вучобу сумяшчаў з працай у аркестры Адэскага опернага тэатра. У 1919 г. С. Херсонскі скончыў кансерваторыю і быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля дэмібілізацыі вярнуўся ў тэатр, дзе стаў канцэртмайстрам групы кантрабасаў. З 1930 г. пачаў педагагічную дзейнасць у якасці выкладчыка класа кантрабаса Адэскай кансерваторыі. У 1936 г. быў накіраваны ў Кіеў, дзе выкладаў у кансерваторыі і адначасова з'яўляўся канцэртмайстрам групы кантрабасаў у Дзяржаўным сімфанічным аркестры УССР. У 1937 г. экстэрнам скончыў Кіеўскую кансерваторыю і атрымаў званне дацэнта.
У 1954 г. па запрашэнні беларускага кампазітара А. Багатырова С. Херсонскі прыехаў у Мінск, дзе атрымаў пасаду дацэнта кафедры струнных інструментаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Цудоўна валодаючы кантрабасам, на практыцы паказваў студэнтам магчымасці гэтага складанага інструмента. Ён лічыў, што ігра педагога – адзін з амых важных момантаў ва ўзаемаадносінах са студэнтамі і разам са сваімі шматлікімі пералажэннямі выкарыстоўваў на занятках рэпертуар замежных, рускіх і савецкіх кампазітараў, а таксама «Школы» А. Мілушкіна і Ф. Сімандла, «Новую аплікатуру гам і арпеджыо для кантрабаса» У. С. Хаменкі, эцюды Ратнера, Й. Граб'е, п'есы Р. Гліэра, С. Жданава, І. Гертовіча, А. Глазунова і іншых; зборнікі санат, якія звычайна выкарыстоўваюцца ў рэпертуары кантрабасістаў, канцэрты В.А. Моцарта, В. Піхля, А. Вівальдзі, А. Багатырова і інш. Працуючы ў кансерваторыі С. Херсонскі імкнуўся ўзняць клас кантрабаса на высокі прафесійны ўзровень, навучыць моладзь дасканала валодаць інструментам. Са студэнтаў ён арганізаваў пры кансерваторыі ансамбль кантрабасістаў, выступленні якога пачаліся ў канцы 1962 г. У рэпертуар уваходзілі як класічная музыка, так і творы беларускіх кампазітараў («Пінская партызанская» У. Падкавырава, «Гумарэска» М. Аладава ў апрацоўцы С. Херсонскага). Выконваліся спецыяльна напісаная для ансамбля творы – п'есы «Дуброва» У. Падкавырава і «Бульба» у апрацоўцы Я. Цікоцкага. Акрамя педагагічнай С. Херсонскі займаўся і выканальніцкай дзейнасцю. Ён запісаў на Беларускім радыё шэраг сваіх выступленняў. У сольных праграмах выконваў уласныя пералажэнні, сярод якіх – Канцэрт Ф.Й. Гайдна, «Украінская рапсодыя» М. Лысенкі, «Меланхалічная серэнада» і Мелодыя П. Чайкоўскага і інш. Разам з Л. Гарэлікам запісаў «Вялікі канцэртны дуэт» для скрыпкі і кантратрабаса Дж. Батэзіні. На працягу 10 гадоў працягвалася творчая і педагагічная дзейнасць С. Херсонскага ў беларускай сталіцы. Па шэрагу прычын у 1964 г. ён пакінуў Мінск і вярнуўся ў Адэсу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.