Date of Birth:
1780 Малая Бераставіца, в., Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць
Date of death:
18.02.1845
Quick reference:
гісторык, археограф, архівіст, даследчык гісторыі ВКЛ
Aliases:
Жэгота з Малой Бераставіцы; Тэгота з Малой Бераставіцы
Name Options:
Жэгота-Анацэвіч Ігнат Сымонавіч
Names in other languages:
Анацевич (russian);
4985 chars
Reference
Нарадзіўся Ігнат Сымонавіч Анацэвіч у вёсцы Малая Бераставіца Гродзенскага павета (зараз Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць) у сям’і ўніяцкага святара. Бацька быў настаяцелем Малабераставіцкай царквы. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, затым вучыўся ў Ваўкавыскім вучылішчы, у 1796 г. паступіў у Гродзенскую вышэйшую акруговую школу. У 1801–1802 гг. па прапанове прускіх уладаў І. Анацэвіч два гады вучыцца ў настаўніцкай семінарыі ў Элку (цяпер – Польшча), а затым – на філасофскім факультэце Кёнігсбергскага ўніверсітэта (1802–1806), дзе вывучаў філасофію, палітэканомію, дыпламатыю, педагогіку, права, фінансы, фізіку, хімію. Асабліва зацікавіўся гісторыяй Прусіі і Вялікага Княства Літоўскага. Пасля заканчэння навучання Ігната Анацэвіча пакідаюць працаваць выкладчыкам польскай мовы, пачаткаў рускай мовы, а пазней і афіцыйнага перакладчыка прускага караля.
Пазней, у час французскай акупацыі Кёнігсберга Ігнат Анацэвіч дапамог рускім купцам, што было заўважана міністрам замежных спраў Расіі, вядомым мецэнатам і графам М.П. Румянцавым. Ён запрасіў маладога вучонага ў свой гомельскі маёнтак, дзе меліся багатая бібліятэка і архіў. У 1809 г. Ігнат Анацэвіч ад'язджае з Прусіі і год жыве ў графа. Гэты час ён прысвячае дэталёваму вывучэнню гісторыі Расіі і Вялікага Княства Літоўскага, робіць выпіскі, даследуе помнікі і граматы. У 1810 г. І. Анацэвіч паступае на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Пасля здачы спецыяльных экзаменаў яму прысвоена навуковая ступень “магістр філасофіі” і Савет Віленскага ўніверсітэта даручае яму чытаць у гэтай установе лекцыі па ўсеагульнай гісторыі, праве і палітэканоміі.
У 1813 г. магістр І. Анацэвіч атрымаў запрашэнне на пасаду настаўніка Беластоцкай гімназіі, з 1817 г. быў прызначаны намеснікам дырэктара гэтай установы. Праца І. Анацэвіча на гэтай пасадзе давала яму магчымасць уплываць не толькі на работу гімназіі, але і на развіццё адукацыі ва ўсім рэгіёне. У 1818 г. ён вяртаецца намеснікам прафесара ў Віленскі ўніверсітэт, чытае курс усеагульнай гісторыі, распрацоўвае і ўводзіць у навучальную праграму курс гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага – першы спецыяльны ўніверсітэцкі курс, прысвечаны мінуламу беларускага і літоўскага народаў. У 1828 г. Ігнат Анацэвіч быў абвінавачаны царскімі ўладамі ва ўдзеле ў тайным студэнцкім таварыстве, адлучаны ад выкладчыцкай дзейнасці і высланы на радзіму – у вёску Малая Бераставіца, а потым у Гродна. У 1833 г. справа была перададзена ў Пецярбург, куды ў 1834 г. пераехаў і І. Анацэвіч. Следства доўжылася да 1836 г., аднак доказаў сувязі прафесара са студэнцкім таварыствам не знайшлося і выкладчык быў апраўданы. У сталіцы імперыі ён цалкам прысвяціў сябе навуковай дзейнасці. У гэты час Ігнат Анацэвіч працаваў памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музея, быў членам Археаграфічнай камісіі, шмат працаваў у архівах, рабіў археаграфічныя паездкі па Беларусі і Літве.
Ігнат Анацэвіч – постаць еўрапейскага ўзроўню, чыя грамадская, асветная і навуковая дзейнасць мае высокую каштоўнасць. Жэготу з Малой Бераставіцы (псеўданім І. Анацэвіча) цікавіў увесь перыяд гісторыі айчыннай гісторыі ад першабытнасці, стварэння сваёй дзяржавы і яе ўздыму да знікнення з карты Еўропы. Ён даследаваў палітыку першых вялікіх князёў літоўскіх, месца ВКЛ у сістэме еўрапейскіх міжнародных адносін, генеалогію роду Ягелонаў. І. Анацэвіч распрацаваў класіфікацыю крыніц па гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да 1569 г., зрабіў перыядызацыю гісторыі Літвы ад першага ўпамінання гэтай назвы ў 1009 г. да 1569 г. У сваіх працах прафесар стварыў цэласную арыгінальную навуковую карціну гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да канца ХVI ст.
І. Анацэвіч ажыццявіў шэраг вандровак па заходніх губернях, вынікі якіх былі надрукаваны ў часопісах "Северный архив", "Северная пчела", "Вестник Европы". Апошні раз у друку Жэгота з Малой Бераставіцы выступіў у "Tygodniku Peterburskim" вясной 1844 г. з артыкулам "Пра гербоўнік Каяловіча" Тэадора Нарбута, да якога ён зрабіў уласнаручныя заўвагі. Ужо пасмяротна выйшлі яго артыкулы на польскай мове "Накід першабытнай гісторыі Літвы" (1846), "Накід гісторыі Вялікага Княства Літоўскага" (1849–1850) і інш. Галоўная праца, якой ён займаўся ўсё сваё жыццё, – "Гісторыя Літвы" – засталася ненадрукаванай. Велізарная калекцыя рукапісаў і рэдкіх кніг пасля смерці даследчыка дасталася калекцыянеру К. Свідзінскаму.
І. Анацэвіч вылучыў сябе не толькі як гісторык, археограф і архівіст, але і як выдавец. Менавіта ім былі выдадзены некалькі твораў польскага гісторыка Я. Альбертрандзі. Вучоны перапісваўся і падтрымліваў навуковыя сувязі з В.Р. Анастасевічам, М. Балінскім, Ч. Дмахоўскім, П.I. Кепенам, I. Лялевелем, А. Міцкевічам, М.П. Румянцавым, Т. Чацкім і іншымі знакамітымі людзьмі. Ігнат Анацэвіч пакінуў выдатны адбітак у гісторыі як педагог, як бліскучы прадстаўнік віленскай прафесуры беларускага паходжання 20-х гадоў XIX ст., а таксама як даследчык ліцвінскай спадчыны.