Date of Birth:
1820 ці 1822 Первамайск, п., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Date of death:
1887
Quick reference:
беларускі і польскі археолаг, пачынальнік даследавання каменнага веку на тэрыторыі Беларусі
Name Options:
Завіша Іван Фадзеевіч
Names in other languages:
Завиша Ян Казимир (russian);
2742 chars
Reference
Вядомы ў свой час гісторык, археолаг і палеантолаг, збіральнік памятнікаў беларускай даўніны, буйнейшы землеўладальнік Міншчыны Ян Казімір Завіша ўнёс значны ўклад у даследаванне эпохі каменнага веку на тэрыторыі Беларусі. Нарадзіўся ён у маёнтку Кухцічы (цяпер пасёлак Першамайск Уздзенскага раёна Мінскай вобласці). Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду герба Лебедзь.
Адукацыю Ян Казімір атрымаў у Мінскай гімназіі. Па некаторых звестках не змог пацвердзіць графскі тытул, паколькі ў сямейным архіве Завішаў не знайшлося адпаведных дакументаў для дэпартамента герольдыі, а запісы ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага (Літоўскай метрыцы) не палічылі дастатковай падставай. Ян Казімір Завіша ўладкаваўся на працу ў мясцовую канцылярыю Мінскага духоўнага схода. Ад свайго дзеда, генерала Казіміра Завішы, атрымаў у спадчыну маёнтак Кухцічы і стаў яго апошнім уладальнікам па мужчынскай лініі. Акрамя Кухціч меў шматлікія памесці ў Беларусі і Літве, а таксама ўласны палац у Варшаве. Менавіта з раскопак сваіх уладанняў Ян Казімір, які знаходзіўся пад уплывам панаваўшага ў тыя гады краёвага рамантызму, і пачаў сваю археалагічную дзейнасць. Даследаваў гарадзішчы і курганы каля в. Чурылава (Мёрскі раён), каля в. Кухцічы, Косава (Івацэвіцкі раён), гарадзішчы і каменныя магілы каля возера Свіцязь, дзе ў 1871 г. знайшоў адно з самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. Вывучаў стаянкі каменнага веку каля в. Валеўка (Навагрудскі раён). Цікавіўся пытаннямі засялення старажытным чалавекам берагоў Віліі, Дняпра, Нёмана, міграцыі і культурных сувязяў славян. Ян Казімір валодаў вялікімі археалагічнымі зборамі, калекцыямі манет і медалёў, якія захоўваліся ў маёнтку Кухцічы. Ён з’яўляўся членам Маскоўскага археалагічнага таварыства.
На міжнародных кангрэсах археолагаў у Венецыі (1871 г.) і Будапешце (1876) выступіў па праблемах вывучэння каменнага веку на тэрыторыі Беларусі. Заснаваў і выдаваў “Wiadamości archeologiczne” (“Археалагічныя ведамасці”, 1873–1882 гг.). У 1862 г. упершыню апублікаваў мемуары свайго продка Крыштофа Станіслава Завішы.
Ян Казімір Завіша быў жанаты на Марыі Кванецкай, праўнучцы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста. Ёсць звесткі, што варшаўская радня не ўспрымала яго дзейнасць як нешта вартае ўвагі і нават лічыла яго правінцыялам. Вышэйшы свет не разумеў захапленне Яна Казіміра археалогіяй і гісторыяй і ставіўся да сям’і Завішаў адпаведна. У шлюбе з Марыяй Кванецкай нарадзілася дзве дачкі: Марыя Ева і Марыя Магдалена Завіша-Кежгайла Радзівіл (у першым шлюбе Красінская). Ян Казімір прывіў дочкам любоў да радзімы, даў ім выдатную адукацыю і выхаванне. Менавіта Марыя Магдалена наследавала пасля яго смерці маёнткі Кухцічы і Жорнаўку на Міншчыне.