Quick reference:
гравёр нясвіжскай друкарні князёў Радзівілаў, ювелір
Name Options:
Ляйбовіч Гершак; Ляйбовіч Гірш; Ляйбовіч Гірша; Ляйбовіч Гіршак
Names in other languages:
Leybowicz Gershka (undetermined); Лейбович Гершка (russian);
2739 chars
Reference
Значная частка творчай дзейнасці знакамітага беларускага гравёра і ювеліра неадрыўна звязана са службай на карысць княжацкаму роду Радзівілаў.
Паводле сведчання архіўных дакументаў, Г. Ляйбовіч прыбыў на службу да князёў Радзівілаў з г. Сокаля каля Львова разам са сваім бацькам, гравёрам Лейбам Жыскялёвічам. Згодна інфармацыі Г. Відацка (даследчыцы з Польшчы), жыў потым, магчыма, у Міры. У 1747 г. быў заключаны кантракт паміж гравёрамі і князем Міхалам Казімірам Радзівілам “Рыбанькай”, згодна з якім Г. Ляйбовіч з бацькам прыступілі да стварэння альбома партрэтных выяў князёў Радзівілаў, так называемага ”Icones familiae ducalis Radivillianae...”.
Манументальны альбом партрэтаў Радзівілаў з'яўляецца адным з шэдэўраў нясвіжскага кнігадрукавання. Ён ствараўся ў 4 этапы рознымі майстрамі на працягу 1745–1768 гг. Другі і трэці этапы адносяцца да часу працы над альбомам Ляйбовіча і яго бацькі і адпавядаюць манерам мастакоў, якія рыхтавалі эскізы партрэтаў для гравіравання. Большасць партрэтаў выканаў Гірша Ляйбовіч з жывапісных арыгіналаў (у тэхніцы медзярыту), што захоўваліся ў карціннай галерэі Нясвіжскага замка. Подпісы Г. Ляйбовіча маюцца толькі на першай і апошняй выявах альбома – партрэтах Вайшунда і Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку.
Па меркаванні спецыялістаў, параўнаўчы аналіз яшчэ шэрагу гравюр дазваляе з пэўнай ступенню верагоднасці звязаць іх аўтарства з імем Ляйбовіча. Панегірычную прадмову да альбома напісаў Марцін Францыск Вовег. У 1758 г. альбом быў надрукаваны накладам 50 экз. (адзіны вядомы ў краіне асобнік захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі). Пасля авалодання Нясвіжа расійскім войскам медныя дошкі з партрэтамі Радзівілаў былі вывезены ў Пецярбург і перададзены ў Акадэмію мастацтваў. З іх у 1857 г. было зроблена невялікім накладам другое выданне альбома (тры асобнікі гэтага выдання захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Наогул жа, выданне “Icones” – неацэнная крыніца інфармацыі пра славутую магнацкую сям'ю.
Сярод іншых графічных твораў Ляйбовіча – гравюра “Катафалк Ганны з Сангушкаў Радзівіл”, які быў устаноўлены ў езуіцкім касцёле ў Нясвіжы паводле праекта М. Педэцы (1747–1750); ілюстрацыі ў кнізе “Казанні і прамовы на пахаванні Ганны з Сангушкаў Радзівіл” (Вільня, 1750); 3 варыянты экслібрыса Радзівілаў для нясвіжскай бібліятэкі; герб рода Радзівілаў у кнізе “Артыкулы ваенныя”; карта літоўскай правінцыі бернардзінцаў з выявамі кляштараў і постацямі святых Бярнарда і Казіміра. Апошні задакументаваны твор Ляйбовіча – дэкарыраванне саркафагаў Радзівілаў у крыпце езуіцкага касцёла ў Нясвіжы. Драўляныя труны былі абабіты меднымі гравіраванымі дошкамі з надпісамі і арнаментам.