Date of Birth:
04.02.1921 Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Date of death:
12.01.1978 Мінск, г.
Quick reference:
ваенны дзеяч, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, заслужаны лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, “За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР” ІІІ ступені, медалямі
Names in other languages:
Пинчук Николай Григорьевич (russian);
2214 chars
Reference
Мікалай Рыгоравіч Пінчук нарадзіўся 4 лютага 1921 г. у сялянскай сям’і ў в. Будзёнаўка Бабруйскага павета (цяпер в. Ізюмава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці). Яшчэ ў час вучобы ў фабрычна-заводскай школе пры дрэваапрацоўчым камбінаце ў Бабруйску пачаў займацца ў гарадскім аэраклубе. У 1940 г. добраахвотнікам уступіў у Чырвоную армію. Лётнае майстэрства ўдасканальваў у Адэскай, Канатопскай і Армавірскай ваенных авіяцыйных школах пілотаў. З 1942 г. удзельнічаў у баявых і разведвальных аперацыях 18-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка на Заходнім і 3-м Беларускіх франтах. На самалёце “Як” суправаджаў самалёты-бамбардзіроўшчыкі і штурмавікі, забяспечваў прыкрыццё войскаў на лініі фронта і патруліраванне ўздоўж яе, штурмаваў варожыя аб’екты і перахопліваў самалёты праціўніка. Вызваляў Смаленшчыну і Беларусь, ваяваў ва Усходняй Прусіі, быў паранены. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр М. Р. Пінчук за гады вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, у час якіх збіў 22 самалёты праціўніка, адзін з іх тараніў у раёне г. Ельні (Расія). За праяўленую мужнасць і высокае лётнае майстэрства ў 1945 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Узнагароджаны таксама ордэнамі Чырвонага Сцяга (чатыры разы), Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі (двойчы), «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» ІІІ ступені, медалямі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За ўзяцце Кёнігсберга».
Пасля вайны М. В. Пінчук працягнуў службу ў ваенна-паветраных сілах СССР: удзельнічаў у Карэйскай вайне 1950–1953 гг., прайшоў навучанне ў Ваенна-паветранай акадэміі, стаў лётчыкам-выпрабавальнікам. За асобыя заслугі ў асваенні авіяцыйнай тэхнікі быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны ваенны лётчык СССР» (1969). У 1975 г. у званні палкоўніка выйшаў у адстаўку. Напісаў кнігу ўспамінаў «У паветры – Які» (1977).
Памёр М. В. Пінчук 12 студзеня 1978 г., пахаваны ў Мінску. Яго імя ўвекавечана на мемарыяльным знаку ў в. Сычкава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама на адной з каменных пліт мемарыяльнага комплексу ў гонар герояў штурму крэпасці Кёнігсберга (Калінінград, Расія).