Quick reference:
удзельнік савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Герой Савецкага Саюза (1943 г.)
Names in other languages:
Бирбраер Евгений Абрамович (russian);
2749 chars
Reference
Герой Савецкага Саюза Яўген Абрамавіч Бірбраер нарадзіўся ў Гомелі ў сям’і рамесніка. Пасля заканчэння 8-га класа школы паехаў у Ленінград, працаваў там на заводах. У дваццацігадовым узросце ўступіў у Камуністычную партыю, многа і настойліва вучыўся. Пасля заканчэння ў 1934 г. Ленінградскага камуністычнычнага інстытута журналістыкі імя В. В. Вароўскага працаваў у адной з ленінградскіх газет.
З 1936 г. у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у фінскай кампаніі 1939–1940 гг. З верасня 1941 г. на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў ваенныя курсы “Выстрал” (1942). Удзельнічаў у абароне Сталінграда, бітве пад Курскам, вызваленні Белгарада, Харкава, Краснадара. Быў некалькі разоў цяжка паранены. Яго маглі камісаваць і адправіць у тыл, аднак Яўген настойліва вяртаўся на фронт. У сваіх пісьмах да старэйшага брата Марка, камандзіра Чырвонай Арміі, ён пісаў: “Мне страшна не хочацца трапіць у нестраявыя. Я ўпрошваю ўрачоў, каб руку мне разагнулі і зноў накіравалі на фронт... Ты маеш рацыю. Нам ёсць за што помсціць немцу: і за бацьку, і за ўсе няшчасці і беды, якія фашыст усім нам прычыніў...”.
Восенню 1943 г. савецкія войскі выйшлі да Дняпра. Пры фарсіраванні ракі ў Днепрапятроўскай вобласці ў раёне Даматкані асабліва вызначыўся камандзір роты 82-міліметровых мінамётаў 225 Чырвонасцяжнага гвардзейскага стралковага палка 25 стралковага корпуса гвардыі старшы лейтэнант Бірбраер. Пад покрывам ночы 25 верасня рота пад яго камандаваннем адной з першых пачала перапраўляцца на супрацьлеглы бераг. Салдаты пускаліся ўплаў цераз шырокую, па-асенняму халодную раку, плылі на дошках, паленнях або набітых саломай плашч-палатках. Да раніцы 26 верасня байцы роты на чале са сваім камандзірам замацаваліся на правым беразе ракі. Вораг вёў жорсткі артылерыйскі і мінамётны абстрэл, прадпрымаў няспынныя атакі. Самалёты метадычна бамбілі гэты невялікі ўчастак зямлі. Гвардзейцы, натхнёныя адвагай свайго камандзіра, які ўвесь час знаходзіўся непасрэдна ў баявых парадках, адбілі 12 жорсткіх контратак ворага. Адзін за другім выбывалі воіны са строю. У жывых засталася толькі жменька байцоў. Тады Яўген Бірбраер сам лёг за кулямёт. Паранены камандзір роты з невялікай групай салдат працягваў весці няроўны бой. Яго рота ўтрымлівала невялікі плацдарм правага берага Дняпра і мінамётным агнём забяспечвала пераправу асноўных сіл войскаў. У гэтым баі старшы лейтэнант Я. А. Бірбраер загінуў смерцю храбрых. Быў пахаваны ў с. Барадаеўка Верхнедняпроўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычніка 1943 г. Яўгену Абрамавічу Бірбраеру было пасмяротна прысвоено званне Героя Савецкага Саюза.
Матэрыял падрыхтаваны Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.