Quick reference:
архітэктар, сярод асноўных работ якога – станцыя метро "Парк Чалюскінцаў", шэраг праектаў ландшафтнага дызайну, якія ўпрыгожваюць Мінск, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1989), уладальнік ганаровага прыза Беларускага Саюза архітэктараў "Зодчий Республики Беларусь"
Names in other languages:
Юртин Борис Олегович (russian);
3082 chars
Reference
Барыс Алегавіч Юрцін нарадзіўся ў г. Чыта (Расія). Бацька хлопчыка працаваў на чыгунцы, сям’я была вымушана пераязджаць з месца на месца. Барыс Юрцін добра маляваў, таму пасля заканчэння сярэдняй школы і будаўнічага тэхнікума паступіў на архітэктурны факультэт Львоўскага політэхнічнага інстытута. У 1958–1971 гг. працаваў у праектных арганізацыях Новакузнецка (Расія) і Алматы (Казахстан).
У пачатку 1970-х гг. бурны прырост насельніцтва запатрабаваў распрацоўкі і рэалізацыі новага генеральнага плана развіцця сталіцы Беларусі, значна ўзрасла патрэба ва ўважлівых і ўдумлівых спецыялістах высокай кваліфікацыі. Барыс Юрцін атрымаў запрашэнне ад Дзяржаўнага праектнага інстытута “Мінскпраект” і пераехаў у Мінск.
Спачатку Б.А. Юрцін працаваў на пасадзе намесніка галоўнага архітэктара, потым арганізаваў майстэрню ландшафтнага праектавання і ўзначаліў яе, стаў заснавальнікам беларускай школы ландшафтнай архітэктуры. Пад кіраўніцтвам Б.А. Юрціна ў Мінску быў рэалізаваны шэраг праектаў, з’явіліся прыгожыя, добраўпарадкаваныя тэрыторыі. Асноўнымі яго работамі ў 1970–1980-я гг. сталі: добраўпарадкаванне бульвара па праспекце Ракасоўскага (1975–1977), берагавой зоны р. Свіслач (1976–1990) і тэрыторый, прылеглых да гасцініцы “Беларусь” (1989), рэканструкцыя тэрыторыі стадыёна “Дынама” (1980) і спартыўнага комплекса “Працоўныя рэзервы” (1980–1984), архітэктурна-мастацкае афармленне станцыі метро “Парк Чалюскінцаў” (1984), стварэнне ландшафтных комплексаў на р. Свіслач у раёне вадасховішча Дразды (1988) і інш. Работы Б.А. Юрціна гэтага перыяду былі адзначаны дыпломам і медалём Саюза архітэктараў СССР (1984).
Сваёй самай любімай і значнай работай Барыс Алегавіч лічыць стварэнне архітэктурна-ландшафтнага комплекса ўсходніх раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца. Над праектаваннем і будаўніцтвам Сляпянскай воднай сістэмы калектыў пад кіраўніцтвам Б.А. Юрціна працаваў трынаццаць гадоў. У выніку Мінск атрымаў больш за дваццаць кіламетраў добраўпарадкаванага водна-зялёнага масіву для адпачынку і рэкрэацыі. Гэта работа і сёння не мае сабе роўных па многіх прафесійных паказчыках. За рэалізацыю гэтага маштабнага праекта Б.А. Юрціну і яго творчаму калектыву ў 1989 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
Шмат цікавых праектаў ажыццявіў архітэктар у 1990–2000-я гг. Сярод іх стварэнне многаўзроўневай і многафункцыянальнай плошчы каля ўнівермага “Беларусь” (1996), добраўпарадкаванне тэрыторыі, прылеглай да Камароўскага рынку (2001), рэканструкцыя Партызанскага праспекта на ўчастку станцый метро “Аўтазаводская” – “Магілёўская” (2000–2003), рэканструкцыя сквераў на плошчы Перамогі (2002), плошчы Свабоды і вуліцы Леніна на ўчастку ад вул. Інтэрнацыянальнай да вул. Няміга і шэраг іншых праектаў.
Цяпер архітэктар знаходзіцца на заслужаным адпачынку, піша акварэлі Мінскіх ваколіц. Вопыт майстра запатрабаваны і сёння: Барыс Юрцін чытае лекцыі, праводзіць майстар-класы на Украіне, выконвае праектныя работы ў Расіі, піша кнігу па ландшафтнай архітэктуры.