Date of Birth:
1890 Касарычы, в., Глускі раён, Магілёўская вобласць
Date of death:
28.04.1933
Quick reference:
рэлігійны дзеяч, святы Беларускай Праваслаўнай Царквы
Spiritual names:
Иоанн; Іаан
Names in other languages:
Вечерко Иван Мартинович (russian); Вечёрко Иван Мартинович (russian); Вечерко Иван Мартынович (russian);
1480 chars
Reference
Свяшчэннамучанік Іаан (Вячорка Іван Марцінавіч) нарадзіўся ў в. Касарычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Глускі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і псаломшчыка. У 1913 г. скончыў Мінскую духоўную семінарыю. У 1915 г. быў пасвячоны ў сан іерэя і прызначаны настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў в. Крываносы Бабруйскага павета (цяпер Старадарожскі раён Мінскай вобласці), дзе праслужыў усё сваё жыццё.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Іаан падвяргаўся праследаванням з боку бальшавікоў, потым палякаў, якія захапілі частку Беларусі ў 1919–1920 гг. У выніку Іаан быў арыштаваны і некаторы час правёў у слуцкай турме.
У 1928 г. Іаан асуджаны на дзевяць месяцаў зняволення па абвінавачванні ў нявыплаце падаткаў. Працаваў сталяром, а пасля вызвалення працягваў службу ў Пакроўскай царкве. Улады, маючы намер закрыць храм, устанавілі для Іаана цяжкія ўмовы, сталі з часам патрабаваць выплаты ўсё больш вялікіх падаткаў. Свяшчэннік працягваў адстойваць храм, хадзіў па дамах сялян і прасіў дапамогі. У 1933 г. разам з найбольш актыўнымі прыхаджанамі царквы быў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай контррэвалюцыйнай дзейнасці. 17 красавіка 1933 г. прыгавораны да расстрэлу.
У 1999 г. іерэй Іаан Вячорка Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы кананізаваны і далучаны да ліку святых новамучанікаў Мінскай епархіі, а ў 2000 г. – да ліку новамучанікаў і спаведнікаў Расійскіх XX ст. Дні ўшанавання памяці адзначаюцца 17 красавіка і 28 кастрычніка.