Date of Birth:
06.01.1964 Зацітава Слабада, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Quick reference:
публіцыст, краязнавец, літаратуразнавец, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2006), рэспубліканскай літаратурнай прэміі "Залаты купідон", Літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама імя П.Труса, прэміі Беларускага саюза журналістаў "Залатое пяро", прэміі імя В.Пікуля (Расія), Міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" (2013), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2017)
Name Options:
Карлюкевіч Алесь
Names in other languages:
Карлюкевич Александр Николаевич (russian); Карлюкевич Алесь (russian);
3609 chars
Reference
Сучаснае беларускае краязнаўства немагчыма ўявіць без дзейнасці Алеся (Аляксандра Мікалаевіча) Карлюкевіча. Яго працы, заснаваныя на навукова-дакументальных і інфармацыйных крыніцах (архіўныя звесткі, энцыклапедычныя даведнікі, музейныя матэрыялы, мемуарная літаратура, успаміны, перыёдыка), добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Алесь Карлюкевіч нарадзіўся ў в. Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Краязнаўчай працай зацікавіўся яшчэ ў Пухавіцкай сярэдняй школе, дзе выкладалі дапытлівыя настаўнікі і быў створаны музей. Яны абудзілі яго талент і схільнасць да гісторыка-краязнаўчых росшукаў, спрыяла гэтаму таксама захапленне журналістыкай (з юнага ўзросту А. Карлюкевіч пісаў у газеты). Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча на аддзяленне журналістыкі. Некалькі гадоў працаваў ва Узбекістане, Туркменістане, на Кубе. З 1995 г. у Беларусі, дзе працягваў займацца журналісцкай дзейнасцю ў газетах “Звязда”, “Чырвоная змена”, “Советская Белоруссия”. У 2002 г. скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і праз чатыры гады ўзначаліў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Літаратура і Мастацтва”, у 2012 г. стаў дырэктарам – галоўным рэдактарам рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”».
Першая краязнаўчая кніга А. Карлюкевіча “Вяртанне да… Беларусі” (1994) была заўважана чытачамі і атрымала высокую ацэнку крытыкаў, а яе аўтар стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Маладосць” за 1994 г. Пасля выйшлі нарысы “За Цітаўкаю – Слабада” (1997, 2007), “Літаратурная карта Пухаўшчыны” (1999), “Ігуменскі блакнот” (2000, 2003, 2005) і іншыя, у якіх распавядалася пра малую радзіму, землякоў, знаёмыя з дзяцінства мясціны. Паступова прасторавая сфера краязнаўчай дзейнасці пісьменніка пашыралася: на старонках газеты “СБ. Беларусь сегодня” з’явіўся праект “У пошуках страчанага”, аўтары якога – А. Карлюкевіч, У. Ліхадзедаў, П. Якубовіч – у 2006 г. атрымалі прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. У 2007 г. быў надрукаваны краязнаўчы нарыс “Блонь” (у суаўтарстве з Б. Зубкоўскім), праз год выйшлі кнігі “Сцежкамі Ігуменшчыны”, “Знічкі Айчыны” (апошняя ў суаўтарстве з У. Ліхадзедавым), пазней – “Радзімазнаўства” (2010). У 2011 г. убачыла свет праца А. Карлюкевіча “І марам волю дам”. Гэта кніга, як адзначыў ва ўступным слове А. Мальдзіс, выклікае “пачуццё гордасці не толькі за паасобны раён ці вобласць, а за ўсю нашу краіну. Яна ўзмацняе нашы патрыятычныя пачуцці, а заадно і ўдзячнасць аўтару”*. Краязнаўчая праца “Далёкія і блізкія суродзічы” (2012) прысвечана знакамітым землякам, якія па розных прычынах апынуліся за межамі Беларусі.
Творчы партрэт А. Карлюкевіча адзначаецца яшчэ адной гранню яго адметнага таленту – напісаннем казак. Ён аўтар кніжак “Зорны шлях белых гарлачыкаў” (2010), “Як зайка Бяляк мядзведзя Таптыгіна выратаваў”, “Белка пишет сочинение” (абедзве 2012). Шлях пісьменніка ад краязнаўства да казак зусім невыпадковы. Гэтыя творчыя сферы звязаны паміж сабой дамінантнай ідэяй: калі Радзіма пачынаецца з сівой мінуўшчыны, памяці продкаў, то сваёй будучыняй яна абавязана дзецям.
Крытык А. Марціновіч адносіць пісьменніка А. Карлюкевіча да кагорты апантаных творцаў. Валодаючы ўнікальным талентам краязнаўца, захоплены ідэяй захавання матэрыяльнай, культурнай і духоўнай памяці беларускага народа, ён і сёння, нягледзячы на немалы журналісцкі клопат і іншыя абавязкі, знаходзіць усё новыя і новыя гістарычныя факты і імёны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.
* Цыт. па: Карлюкевіч А. І марам волю дам. Мінск, 2011. С. 4.