Беларускі вучоны-эканаміст Аляксандр Сцяпанавіч Галавачоў нарадзіўся ў в. Недайка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. З 1953 г. працаваў у сістэме лясной гаспадаркі Беларусі. У 1963 г. скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). У 1968 г. выкладаў у Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), дзе з 1988 па 1991 г. загадваў кафедрай. У 1978–1980, 1983–1985 гг. з'яўляўся саветнікам-кансультантам пры Міністэрстве вышэйшай адукацыі Кубы. У 1988 г. А. С. Галавачоў абараніў дысертацыю на тэму «Управление подготовкой и использованием специалистов в народном хозяйстве: проблемы методологии и практики» і атрымаў вучоную ступень доктара эканамічных навук, у 1990 г. званне прафесара. З 1991 г. працаваў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (загадчыкам кафедры, у 1993–1999 гг. прарэктарам). У 2001 г. атрымаў званне заслужанага работніка адукацыі Беларусі. З 2003 г. А. С. Галавачоў выкладае ў Мінскім інстытуце кіравання (цяпер Мінскі інавацыйны ўніверсітэт).
Навуковыя працы вучонага прысвечаны праблемам інавацыйнай эканомікі, інвестыцый, інтэлектуальнай уласнасці, прадукцыйнасці працы, бюджэтна-падатковай і крэдытна-грашовай палітыцы, фарміравання канкурэнтаздольнасці прадпрыемства і тавару («Конкурентоспособность страны, предприятия и товара» (2001, разам з С. Л. Гарбацэвічам), «Устойчивое и эффективное функционирование предприятий: проблемы и пути достижения» (2007, у суаўтарстве), «Конкурентоспособность экономики: инновационный подход» (2012, у суаўтарстве) і інш.). Таксама А. С Галавачоў з'яўляецца аўтарам шэрагу навучальных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў («Организация, нормирование и оплата труда» ( 2005, 2-е выд.), «Экономика предприятия» ( 2008, в 2 ч.), «Организация, нормирование и оплата труда» (2008), «Конкурентоспособность предприятия» (2012), Конкурентоспособность организации» (2012) і інш.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.