Імя Інесы Мікалаеўны Слюньковай – знакамітай даследчыцы царкоўнай гісторыі і архітэктуры – добра вядома навукоўцам Расіі і Беларусі. Яна нарадзілася ў сям'і вядомага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча БССР Мікалая Мікалаевіча Слюнькова. Дзяцінства Інесы прайшло ў Мінску, дзе яна скончыла сярэднюю школу № 50, тры гады вучылася на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). У 1973 г. сям'я Слюньковых пераехала ў Маскву, дзе ў 1977 г. І. Слюнькова атрымала дыплом Маскоўскага архітэктурнага інстытута. Сваю працоўную дзейнасць пачала ў якасці архітэктара праектнай майстэрні Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва. Працавала ў Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце тэорыі і гісторыі архітэктуры (цяпер Навукова-даследчы інстытут тэорыі і гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук).
Інеса Слюнькова заўсёды цікавілася навукай: скончыла аспірантуру Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута тэорыі і гісторыі архітэктуры, пачала вывучаць дойлідства і горадабудаўніцтва XIV–XІХ стст. Даследчыца цікавіцца праблемамі эвалюцыі асваення прасторы ў межах землеўладання (на прыкладзе рускай сядзібы), вывучае манастырскае і храмавае дойлідства, праблемы ўзаемадзеяння культур Беларусі, Украіны і Расіі, актуальныя пытанні захавання і выкарыстання архітэктурнай спадчыны. І. Слюнькова – аўтар кніг «Архитектура городов Верхнего Приднепровья XVII – середины XIX в.» (1992), «Монастыри восточной и западной традиций: наследие архитектуры Беларуси» (2002), «Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи: пересоздание наследия» (2010), шэрагу артыкулаў. Ёй апублікавана больш за 220 навуковых прац.
Даследаванні І. Слюньковай набылі шырокую вядомасць – яна была абрана членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук (РААБН), пэўны час кіравала аддзелам навуковых даследаванняў па архітэктуры (1994–2002). Падчас працы ў акадэміі яна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы навуковых прац і выданняў, пісала артыкулы па гісторыі архітэктуры і актуальных пытаннях сучаснай архітэктурнай практыкі для зборнікаў і часопісаў. Пры яе ўдзеле быў надрукаваны шэраг выданняў: «Храмостроительство в России: традиции и современность» (1996), «Проблемы воссоздания утраченных памятников архитектуры: PRO et Contra» (1998). У 2001 г. Інеса Слюнькова атрымала ступень доктара архітэктуры. У 2003–2004 гг. яна з’яўлялася галоўным архітэктарам гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Маскоўскі Крэмль», была аўтарам праграм комплекснай рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры музееў Маскоўскага Крамля, з 2009 г. стала галоўным навуковым супрацоўнікам НДІ тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва Расійскай акадэміі мастацтваў.
Выдатны вучоны і даследчык архітэктуры Інеса Слюнькова ўзнагароджана памятным медалём мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Макарыя, медалём «За преданность содружеству зодчих», дыпломам фестывалю «Зодчество» Саюза архітэктараў, РААБН, Макарыеўскага фонду, штогадовага нацыянальнага конкурса «Кніга года» Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі (2010).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.