Васіль Іванавіч Насовіч нарадзіўся ў Мсціславе Магілёўскай губерні (зараз Магілёўская вобласць) у сям’і вядомага мовазнаўца і археографа І.І. Насовіча. У 1854 г. скончыў Санкт-Пецярбургскі галоўны педагагічны ўніверсітэт. Пасля заканчэння навучання працаваў у Царстве Польскім: служыў старэйшым настаўнікам рускай мовы ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Марымонце, настаўнікам філалагічна-гістарычных дысцыплін у першай Варшаўскай гімназіі (1862). У наступныя гады выкладаў гісторыю, геаграфію, рускую і грэчаскую мовы ў Дынабургскай, Магілёўскай і Мазырскай гімназіях, у перыяд 1878–1884 гг. узначальваў Слуцкую і Дынабургскую жаночыя гімназіі. У 1884 г. В.І. Насовіч быў пераведзены на працу ў Віленскі цэнтральны архіў старажытных актавых кніг, дзе на працягу адзінаццаці гадоў займаў пасаду памочніка архіварыуса. За бездакорную шматгадовую службу Васіль Іванавіч Насовіч атрымаў чын стацкага саветніка, быў узнагароджаны ордэнамі святога Станіслава, святой Ганны і святога Уладзіміра, некалькімі медалямі.
Памёр В.І. Насовіч у Вільні 23 красавіка 1900 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.