Start date:
1568 Заблудава, мяст., Гродзенскі павет (цяпер г. Заблудаў, Польшча)
Expiration date:
1570
Names in other languages:
Заблудовская типография (russian);
2277 chars
Reference
Заблудаўская друкарня была заснавана ў 1568–1570-я гг. у родавым маёнтку вялікага гетмана ВКЛ, старосты гродзенскага і магілёўскага Р. Хадкевіча. У яе арганізацыі прымалі ўдзел маскоўскія першадрукары І. Фёдараў і П. Мсціславец. Некаторыя матэрыялы (шрыфты, гравіравальныя дошкі заставак, канцовак і буквіц), а таксама нескладаны інструмент яны прывезлі з Масквы, друкарскі стан зрабілі мясцовыя цесляры. У друкарні, магчыма, працавалі Г. Івановіч (вучань І. Фёдарава, пазней вядомы майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В. Гарабурда. У сакавіку 1569 г. было выдадзена «Евангелле вучыцельнае», работа над якім пачалася ў ліпені 1568 г. Аснову кнігі складалі тэксты з павучэннямі на нядзельныя і святочныя дні, напісаныя вядомымі багасловамі, большай часткай І. Златавустам. На яе старонках змешчаны таксама першы друкаваны помнік старажытнарускай літаратуры «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага» (1570). Упершыню ў практыцы ўсходнеславянскага кнігадрукавання ў «Евангеллі вучыцельным» быў зроблены тытульны ліст з назвай кнігі, звесткамі пра выдаўца, месцам і датай выдання. На адвароце размяшчалася гравюра з гербам Р. Хадкевіча, якая стала выдатным творам геральдычнай графікі. Прадмову да кнігі склаў сам гетман. Яна ўяўляе цікавасць як помнік літаратуры таго перыяду. «Евангелле вучыцельнае» было вельмі папулярным, неаднаразова перавыдавалася, значная частка яго экзэмпляраў трапіла ў расійскія гарады. Наступнае заблудаўскае выданне «Псалтыр з Часаслоўцам» І. Фёдараў выпусціў адзін (П. Мсціславец пераехаў у Вільню). Работа над кнігай пачалася ў верасні 1569 г. і была завершана ў сакавіку 1570 г. У сувязі з ускладненнем грамадска-палітычных умоў, што склаліся пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама хваробай Р. Хадкевіча, друкарня спыніла дзейнасць. Гэта прымусіла І. Фёдарава шукаць іншае месца для выдання кніг. У канцы 1572 – пачатку 1573 г. ён пераехаў у Львоў. На Украіну былі перавезены друкарскае абсталяванне і дошкі асобных гравюр. Заблудаўскія майстры, у прыватнасці Г. Івановіч, прынялі ўдзел у друкаванні і мастацкім афармленні славутай «Астрожскай Бібліі» (1581) і іншых кніг. Пасля смерці Р. Хадкевіча Заблудаўская друкарня была перавезена ў Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр, дзе доўгі час не працавала.