Names in other languages:
Полесский драматический театр (russian); Полесский драматический театр г. Пинск (russian);
Previous Names:
Мазырскі калгасна-саўгасны тэатр
3089 chars
Reference
Пінск – горад даўніх тэатральных традыцый, якія ўзыходзяць яшчэ ад тэатра «шкаляроў» езуіцкага калегіума. У канцы XIX ст. з’явіўся тэатр Каржанеўскага, потым у 1939–1941 і 1946–1954 гг. працаваў Пінскі абласны драматычны тэатр. Сёння ў культурным жыцці Пінска значнае месца займае Палескі драматычны тэатр. Ён быў створаны на аснове гарадскога аматарскага тэатра-студыі «Дыяген» (мастацкі кіраўнік І. Базан) і маладзёжнай тэатральнай студыі «Візаві» (пад кіраўніцтвам А. Гаўрыловіч). Афіцыйнае адкрыццё адбылося 14 сакавіка 2006 г. Размяшчаецца ў цэнтральнай частцы горада, яго будынак адрэстаўрыраваны і з’яўляецца гістарычным помнікам архітэктуры XIX ст. Першапачатковае знешняе аблічча будынка захавана, а ўнутры ўсё зроблена так, каб акцёры маглі дазволіць сабе з камфортам працаваць у сучасных умовах. Дырэктарам і галоўным рэжысёрам быў прызначаны І. Базан, які з самага пачатку існавання вёў разам з фарміраваннем творчай трупы інтэнсіўную працу па падборы рэпертуару. Кожны месяц тэатральнага сезона пад яго кіраўніцтвам быў адзначаны новым прэм’ерным паказам. Адной са значных падзей для маладога прафесійнага тэатра стала і тое, што ў жніўні 2006 г. трупу папоўнілі восем выпускнікоў Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча культуры. Разам з артыстамі тэатральных студый яны і сталі асновай творчага калектыву. У першым сезоне 2006/2007 гг. рэпертуар складаўся з трох кірункаў: адзін з іх – казкі і спектаклі для юнацтва, сярод якіх былі «Пунцовая кветачка» С. Аксакава, «Вушасцік» В. Ткачова, «Адгукніся, браце!» Г. Марчука; другі – пастаноўкі для дарослых па сучаснай драматургіі, да якіх належала меладрама «Асцярожна, жанчыны» А. Курэйчыка; трэці – спектаклі класічнага характару «Маленькія трагедыі» А. Пушкіна і «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэга. У 2008 г. рэпертуар папоўніўся дзевяццю новымі пастаноўкамі. Знакавым стаў спектакль «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (2008), пастаўлены рэжысёрам І. Базанам да 200-годдзя аўтара. Асаблівасцю з’яўляецца тое, што ўсе ролі выконваюцца на мясцовым дыялекце. Некалі гэтую п’есу ставілі на беларускай мове, а потым вырашылі вярнуцца да яе на мове аўтарскага арыгінала, які вельмі набліжаны да гаворкі палешукоў. Гледачы выдатна разумеюць змест спектакля.
За апошнія сезоны былі ажыццёўлены пастаноўкі па п’есах «Стомлены д’ябал» С. Кавалёва (рэжысёр С. Панкова), драма «Навальніца» А. Астроўскага (рэжысёр І. Базан), меладрама «Старая зайчыха» М. Каляды, трагікамедыя «Гаральд і Мод» К. Хігінса, камедыя становішчаў «Ён, яна, вакно, пакойнік» паводле п’есы Р. Куні «№ 13» (рэжысёр А. Гаўрыловіч). Для дзяцей пастаўлены спектаклі «Маўглі» паводле Р. Кіплінга (рэжысёр І. Базан), «Папялушка» Я. Шварца, «Карлік Нос» М. Шувалава і «Чароўны сон» Ю. Кіма (рэжысёр А. Гаўрыловіч). Добрай традыцыяй з’яўляецца ўручэнне сваёй тэатральнай прэміі «Залатая талерка», што стала падзеяй не толькі ў жыцці калектыва, але і ў культурным жыцці горада. Акрамя таго, у тэатры праводзяцца юбілейныя, музычныя, літаратурныя вечары, прэзентацыі кніг, сустрэчы з дзеячамі мастацтва і культуры.