Гарадзец – аграгарадок у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці, размешчаны за 28 км на паўднёвы ўсход ад Рагачова і аднайменнай чыгуначнай станцыі на лініі Магілёў – Жлобін, на р. Ржаўцы.
Вытокі аграгарадка Гарадзец адсылаюць да пачатку XVIII ст. Менавіта ў гэты час ён узгадваецца як вёска Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. У 1760 г. тут была ўзведзена драўляная царква. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Гарадзец у складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні ўвайшоў у састаў Расійскай імперыі. У канцы ХVIII ст. Гарадзец ужо ў статусе мястэчка.
У час вайны 1812 г. каля Гарадца адбыліся сутычкі французкіх войск з атрадамі генерала Ф. Эртэля. На 1816 г. Гарадзец належаў памешчыку Зяньковічу, мелася 24 двары. На 1838 г. у Гарадцы ўжо 108 двароў. У гэтым жа годзе ўзведзена драўляная званіца. Уладальнікамі мястэчка ў розны час былі Багдановічы, Гадзеніусы, Драбышэўскія, Акінчыцы. На 1860 г. у мястэчку жыло 524 жыхары, было 59 дамоў, праваслаўная царква і яўрэйская малітоўная школа. У Гарадцы 2 разы ў год ладзіліся кірмашы – на свята Міколы Цудатворца (9 мая) і на свята Успення Багародзіцы (15 жніўня). Згодна з першым перапісам Расійскай імперыі 1897 г., у Гарадцы, які з’яўляўся на той час цэнтрам воласці, жыло 1306 жыхароў, было 183 двары, 2 ветракі і 2 крупарушкі, паштовае аддзяленне, вінная крама.
У снежні 1917 г. польскія легіянеры корпуса Ю. Доўбар-Мусніцкага занялі і разрабавалі мястэчка. У студзені 1918 г. у баі каля Гарадца партызаны разбілі легіянераў, завалодаўшы канцылярыяй, зброяй і некалькімі ваеннапалоннымі.
На 1 студзеня 1919 г. мястэчка ў складзе ССРБ, з 16 студзеня гэтага ж года – у складзе РСФСР, дзе з 26 красавіка з’яўлялася цэнтрам воласці Гомельскай губерні. З 23 снежня 1920 г. тут працавала электрастанцыя. Дзейнічаў ветэрынарны пункт. 3 сакавіка 1924 г. Гарадзец зноў у складзе БССР, з 4 жніўня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. – цэнтр раёна Бабруйскай акругі. У 1929 г. створаны калгас, працавалі нафтавы млын, арцель па здабычы торфу, кузня, 2 майстэрні (кравецкая і шавецкая). На 1940 г. у Гарадцы налічвалася 379 двароў.
У час Вялікай Айчыннай вайны 25 жніўня 1941 г. вёска Гарадзец была акупіравана. Фашысты стварылі тут гета, якое існавала з верасня па кастрычнік 1941 г. У яўрэяў адабралі маёмасць і падверглі здзекам. У верасні 1941 г. іх з Гарадца адвезлі ў Рагачоў і там расстралялі. У памяць аб загінуўшых жыхарах на месцы забойства ў Рагачове ўстаноўлены помнік. Партызаны Гарадца 30 лістапада 1942 г. разграмілі нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў будынку школы. За перыяд вайны немцы спалілі ў гэтым населеным пункце 83 дамы і забілі 181 чалавека. Гарадзец вызвалены 4 снежня 1943 г. У баях за вёску і яе ваколіцы сваё жыццё аддалі 290 воінаў, яны пахаваны ў брацкіх магілах. Каля 230 жыхароў Гарадца загінула на фронце.
Пасля вайны вёска пачала адраджацца. На 1959 г. тут жыло 1149 жыхароў. Да 1980 г. Гарадзец быў цэнтрам калгаса “Світанне”. У склад Гарадца ўвайшла суседняя вёска Сямінаўка. У вёсцы маюцца аб’екты інфраструктуры: дзіцячы сад, бальніца, сярэдняя школа, гісторыка-краязнаўчы музей пры школе, школа-інтэрнат, Дом культуры, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, аптэка, ветэрынарны пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, 3 магазіны. Працуе Свята-Успенская царква. У 2000-я гг. населены пункт стаў аграгарадком.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.