Варняны – аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Варнянскага сельсавета. Знаходзіцца за 14 км на паўночны ўсход ад Астраўца, 19 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай на лініі Маладзечна – Вільнюс (Літва).
У пісьмовых крыніцах Варняны згадваюцца ў 1391 г. як вёска ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1397 г. у ліку паселішчаў, што знаходзіліся ва ўласнасці польскага караля Ягайлы і былі перададзены Віленскаму капітулу. У першай чвэрці XVI ст. Варняны належалі князям Пронскім і Свірскім, пазней Чыжам, з канца XVI ст. імі валодаў род Абрамовічаў. Ваявода смаленскі Ян Абрамовіч заснаваў тут кальвінскі збор, пры ім шпіталь і школу. У 1688 г. вёска атрымала статус мястэчка. У 1760–1770-я гг. у цэнтры Варнян сфарміраваўся архітэктурны ансамбль, які ўключаў плошчу з касцёлам Святога Георгія (пабудаваны ў 1769 г.), дом аптэкара, плябанію, гасцініцу, гандлёвыя рады, жылыя дамы і інш. У другой палове XVIII – першай палове ХІХ ст. на заходнім баку плошчы створаны палацава-паркавы комплекс.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Варняны ў складзе Віленскага павета Віленскай губерні далучаны да Расійскай імперыі. У другой палове ХІХ – першай чвэрці ХХ ст. мястэчка належала Снядэцкім і Хамінскім. У 1880-я гг. у Варнянах налічваліся 24 двары, дзейнічалі касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа, карчма. Праводзіліся штотыднёвыя таргі, на працягу года адбываліся 12 кірмашоў. Згодна з перапісам 1897 г. у мястэчку пражывалі 384 жыхары, дзейнічалі народнае вучылішча, паштовая станцыя, 2 хлебазапасныя магазіны, вінны склад і інш.
З верасня 1915 г. да снежня 1918 г. Варняны займалі германскія, з красавіка 1919 г. да ліпеня 1920 г. і з кастрычніка 1920 г. – польскія войскі. У 1922 г. мястэчка далучана да Польшчы ў складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У лістападзе 1939 г. Варняны ўвайшлі ў БССР, з 12 кастрычніка 1940 г. атрымалі статус вёскі і сталі цэнтрам сельсавета Астравецкага раёна Вілейскай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў канцы чэрвеня 1941 г. Варняны захапілі нямецка-фашысцкія войскі. У час акупацыі барацьбу з ворагам на тэрыторыі раёна вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. У пачатку ліпеня 1944 г. Варняны вызвалілі войскі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай аперацыі. У баях за вёску загінулі 27 савецкіх воінаў і партызан (пахаваны ў брацкай магіле, на якой у 1954 г. устаноўлены абеліск). Пасля вызвалення Варняны былі паступова адноўлены. З 20 верасня 1944 г. вёска знаходзілася ў Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 г. увайшла ў склад Гродзенскай вобласці. У 2006 г. пераўтворана ў аграгарадок.
У цяперашні час у Варнянах працуюць вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа, сацыяльна-педагагічны цэнтр Астравецкага раёна, бібліятэка, Дом культуры, амбулаторыя. Дзейнічаюць сельскагаспадарчае прадпрыемства “Варняны”, лясніцтва, аддзяленне сувязі і інш. Захавалася гістарычная забудова XVIII–XIX стст.: касцёл Святога Георгія (Юрыя), дом аптэкара, будынак былой плябаніі, часткі палацава-паркавага комплексу: вежа, млын, парк. Аб’екты ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.