Start date: 1597 Магілёўскі раён, Магілёўская вобласць
Quick reference: аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці
Names in other languages: Дашковка (russian);
Аграгарадок з’яўляецца цэнтрам Дашкаўскага сельсавета Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчаны каля р. Дняпро. У населеным пункце маецца аднайменная чыгуначная станцыя на лініі Магілёў – Жлобін. Знаходзіцца Дашкаўка за 18 км ад Магілёва.
Існуе некалькі гіпотэз наконт назвы населенага пункта. Верагодней за ўсё, яна паходзіць ад назвы ракі Дошка (цяпер называецца Усцінаўка), якая дзеліць Дашкаўку на паўночную і паўднёвую часткі. Лічыцца, што першапачаткова назва ўвогуле была іншая – Багданава (ад імя старосты крычаўскага і слуцкага князя Багдана Саламярэцкага, які часта тут адпачываў, вяртаючыся ў роднае Баркалабава).
Населены пункт Дашкаўка Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці вядомы з канца XVI ст. Першая пісьмовая ўзгадка аб ім пад назвай Багданава ў статусе сяла Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага сустракаецца ў Баркалабаўскім летапісе (1597). У гэты год Багдан Саламярэцкі заклаў тут царкву. У 1604 г. Дашкаўка ўваходзіла ў Вяйнянскае войтаўства Магілёўскага староства.
У 1708 г., у перыяд Паўночнай вайны 1700–1721 гг., у вёсцы Дашкаўка пачаліся ваенныя дзеянні, якія скончыліся разгромам шведаў у бітве каля вёскі Лясная. З 1720 г. населены пункт меў статус мястэчка (згодна з дакументам, атрыманым ад Ізабелы-Алены Палубінскай). У 1758 г. мястэчка адносілася да Быхаўскага графства, знаходзілася ў прыватнай памешчыцкай уласнасці і складалася з 50 двароў. У 1772 г. у выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай населены пункт адышоў да Расійскай імперыі, з 1773 г. у складзе Магілёўскага павета Магілёўскай губерні.
У пачатку ХІХ ст. у мястэчку існавалі 2 царквы, сінагога, 4 карчмы. У перыяд вайны 1812 г. тут адбыўся бой паміж корпусам генерала Луі-Нікаля Даву і генерала Мікалая Раеўскага. У Дашкаўцы знаходзіўся галоўны перавязачны пункт расійскай арміі. Вядома, што генерал Пётр Баграціён 12 ліпеня 1812 г. цэлы дзень прабыў у мястэчку. На 1827 г. тут жыло 535 жыхароў. З 1831 г. Дашкаўкай валодаў памешчык Эдуард Жукоўскі. У гэты час былі ўзведзены паравы і вадзяны млыны. Дзейнічалі сукнавальня, 4 карчмы, драўляная праваслаўная царква (на 1880 г. была яшчэ адна мураваная) і яўрэйская малітоўная школа. Насельніцтва займалася кравецкім, ганчарным, сталярным і кавальскім промысламі, быў таксама майстар па вырабе скрыпак. У 1885 г. пачала працаваць школа (на 1907 г. у ёй вучылася 40 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак). Паводле першага перапісу Расійскай імперыі 1897 г. у мястэчку Дашкаўка жыло 1197 чалавек, было 195 двароў, дзейнічалі праваслаўная царква, народнае вучылішча, параходная прыстань, хлебазапасны магазін, 2 кузні, млын, маслабойня, крупадзёрка, 10 крам і інш. Каля мястэчка размяшчаўся фальварак Дашкаўка (4 двары, 13 жыхароў і вадзяны млын) і вартоўня Дашкаўка (2 двары). У канцы ХІХ ст. Вітольд Жукоўскі вырашыў змяніць знешні выгляд родавай сядзібы, вакол жа яе пакінуў пасаджаны бацькам сад.
З развіццём гандлёвых шляхоў за 1 кіламетр ад мястэчка пралягла Рыжска–Арлоўская чыгунка, у 1902 г. з’явілася чыгуначная станцыя “Дашкаўка”. У 1905 г. у мястэчку была адкрыта казённая вінная крама, у 1909 г. пачалі працаваць прыёмны пакой і малітоўны дом. Яшчэ праз некалькі гадоў адкрыты чатырохкласная царкоўнапрыходская школа (у сярэдзіне 1930-х гг. стала сярэдняй) і сельская бальніца. У час Першай сусветнай вайны да восені 1918 г. мястэчка знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх кайзераўскіх войск.
На 1 студзеня 1919 г. мястэчка Дашкаўка было ў складзе ССРБ, 16 студзеня гэтага ж года населены пункт адышоў у склад РСФСР. У 1923 г. утвораны саўгас “Дашкаўка”. У 1924 г. адкрыты ўрачэбная амбулаторыя, бібліятэка і хата-чытальня. З 17 ліпеня 1924 г. Дашкаўка – вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня1930 г.), з 20 лютага 1938 г. – Магілёўскай вобласці. У 1929 г. у вёсцы арганізаваны калгас “Чырвоная зорка”.
Вялікая Айчынная вайна пакінула свой крывавы след у гісторыі вёскі. У ліпені 1941 г. Дашкаўка была акупіравана. 29 верасня 1941 г. немцы расстралялі 42 яўрэяў, у памяць аб іх у 1968 г. на месцах расстрэлаў устаноўлены помнікі. 28 чэрвеня 1944 г. у ходзе наступальнай аперацыі “Баграціён” Дашкаўка была вызвалена. У баях за вызваленне вёскі вызначыліся і ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза 9 байцоў 385-й Крычаўскай стралковай дывізіі, сярод якіх камандзір сапёрнага ўзвода М. Е. Волкаў, камандзір аддзялення ўзвода інжынернай разведкі сапёрнага батальёна сяржант І. В. Чашчарын. Пры вызваленні Дашкаўкі загінулі 36 савецкіх воінаў, сярод якіх Герой Савецкага Саюза Ш. Шаімаў. Яны пахаваны на вясковых могілках. На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі і прапалі без вестак 154 ураджэнцы Дашкаўкі. У памяць аб загінуўшых воінах у парку ўстаноўлена стэла.
Пасля вайны вёска пачала аднаўляцца. У 1967 г. быў узведзены новы будынак школы. У 1971 г. колькасць жыхароў складала 1807 чалавек, у 1991 г. – 2009 чалавек, было 707 гаспадарак, а вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса “Чырвоная зорка”. У населеным пункце размяшчаліся абласная сельскагаспадарчая эксперыментальная база “Дашкаўка”, Магілёўская абласная станцыя па хімізацыі сельскай гаспадаркі, філіял Гомельскага завода будаўнічых дэталей, сталярныя майстэрні, лесапільня, фермы буйной рагатай скаціны і свінагадоўчы комплекс.
У 2005 г. Дашкаўка стала аграгарадком. У 2007 г. тут працавалі Магілёўская абласная праектна-доследная станцыя аграхімізацыі, РУСП «Эксперыментальная база “Дашкаўка”», Магілёўская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2010 г. колькасць жыхароў аграгарадка склала 1567 чалавек. На сённяшні дзень у Дашкаўцы працуюць сярэдняя і музычная школы, бальніца, Дом культуры, кінатэатр, бібліятэка, пошта, 2 крамы, комплексны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, гісторыка-краязнаўчы музей. Каштоўны матэрыял па гісторыі роднага аграгарадка мае музей Дашкаўскай сярэдняй школы. Адзін з раздзелаў экспазіцыі прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны і подзвігам воінаў 385-й Крычаўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава II ступені стралковай дывізіі, якая вызваляла Дашкаўку ў чэрвені 1944 г. Захаваўся помнік архітэктуры – сядзіба канца ХIХ пачатку ХХ ст.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
