Names in other languages:
Витебская губернская типография (russian);
2829 chars
Reference
Важнай з’явай у жыцці Віцебска і пачаткам развіцця паліграфічнай прамысловасці стала адкрыццё ў горадзе ў 1797 г. Віцебскай губернскай друкарні. Друкарня была створана на сродкі губернскага праўлення і мела статус казёна-камерцыйнага прадпрыемства. Спачатку размяшчалася ў будынку на беразе Заходняй Дзвіны, а з сярэдзіны ХІХ ст. – на першым паверсе прыгожага двухпавярховага “Дома з калонамі” на Смаленскай вуліцы (зараз – вул. Леніна).
Невялікая па памерах губернская друкарня займалася ў асноўным друкаваннем рэлігійнай літаратуры, бланкаў і этыкетак. З 1838 г. пачала рэгулярна выдаваць афіцыйную газету “Витебские губернские ведомости”, якая на працягу некалькіх дзясяцігоддзяў з’яўлялася адзіным правінцыяльным органам друку Віцебшчыны.
Слабая матэрыяльная база стала адной з прычын таго, што выпуск кніг у друкарні насіў выпадковы характар. Першае і адзінае ў XVIII ст. дастаткова саліднае выданне – “Похвальная песнь при восшествии на престол императора всея России Павла Петровича Первого” – было здзейснена ў 1799 г. У 1806 г. у друкарні выйшла прытча “Орлы и скворцы” рускага пісьменніка П.І. Сумарокава, які служыў у той час на Беларусі, а ў 1808–1811 гг. быў віцебскім губернатарам. У час Вайны 1812 г. друкарня была цалкам знішчана, звестак пра яе працу не захавалася, адноўлена была толькі ў 1815 г. Усяго да 1858 г. у друкарні было выдадзена 7 брашур і кніг.
З 1861 г. кнігавыданне пачало набываць сістэматычны характар, павялічылася ўдзельная вага свецкай літаратуры, пашырыліся яе тэматычныя межы. Дзякуючы Віцебскай губернскай друкарні з’явіліся першыя навуковыя, вучэбныя, прыкладныя і мастацкія кнігі на рускай мове. Пры ўсёй разнастайнасці выданняў прадукцыя друкарні насіла выразны краязнаўчы характар. Тут былі надрукаваны многія вядомыя мясцовыя выданні, у тым ліку “Витебская старина” А.П. Сапунова, большая частка “Памятных книжек Витебской губернии”, працы М.Я. Нікіфароўскага, А.М. Семянтоўскага, У.К. Стукаліча, Д.І. Даўгялы, П. М. Красавіцкага, І.Д. Гарбачэўскага, Е.Р. Раманава і інш. Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі кнігі на беларускай мове не выдаваліся. Толькі ў 1896 г. упершыню ў губернскай друкарні Віцебска выйшла асобным выданнем ананімная паэма сярэдзіны ХІХ ст. “Тарас на Парнасе”, якая карысталася вялікай папулярнасцю і неаднаразова перавыдавалася.
Віцебская губернская друкарня праіснавала 120 гадоў і за гэты час выпусціла звыш 250 назваў кніг і 400 друкаваных выданняў. Менавіта ёй мы сёння абавязаны наяўнасцю цэлага шэрагу ўнікальных гістарычных, этнаграфічных, фальклорных і мастацкіх твораў. Яе дзейнасць у значнай ступені садзейнічала пашырэнню асветы, развіццю навукі і культуры, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2012 г.