Start date: 1993 Малая Багацькаўка, в. (цяпер в. Багацькаўка), Мсціслаўскі раён, Магілёўская вобласць
Quick reference: філіял Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея
Names in other languages: Literary Museum of Maksim Haretski (undetermined); Литературный музей М.И. Горецкого (russian);
Літаратурны музей на радзіме класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага ў в. Малая Багацькаўка (з 1976 г. в. Багацькаўка) Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці зведаў на сваім гістарычным шляху станаўлення і моманты ўздыму грамадскай цікавасці да існуючых праблем музея, і моманты часовага забвення і амаль заняпаду.
У Малой Багацькаўцы М. Гарэцкі нарадзіўся, тут прайшлі гады дзяцінства і юнацтва, адсюль паходзяць героі яго твораў, прататыпы літаратурнай творчасці. Тут духоўныя карані ўсяго знакамітага роду Гарэцкіх. У канцы 1970-х – пачатку 1980-х гг. некаторыя пісьменнікі, у тым ліку і У. Караткевіч, які пісаў эсэ пра Мсціслаў і вывучаў гісторыю і людзей гэтага краю, узнялі пытанне аб стварэнні музея М. Гарэцкага на яго радзіме. Іх ініцыятыва была падтрымана мсціслаўскімі мясцовымі ўладамі. З гэтага часу тэма музея неаднаразова асвятлялася на старонках перыядычнага друку. Ужо ў 1989 г. газета “Магілёўская праўда” паведамляла, што па эскізах Гаўрылы Гарэцкага, малодшага брата Максіма, была адноўлена хата сям’і Гарэцкіх, якая ў пачатку 1960-х гг. згарэла. Першая экспазіцыя музея-сядзібы была зроблена ў 1989 г.
У лістападзе 1992 г. праблемы стварэння музея разглядаліся на пасяджэнні рэспубліканскай юбілейнай камісіі па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага, якое праходзіла ў Горках Магілёўскай вобласці; на выязным пасяджэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што таксама праходзіла на Магілёўшчыне ў сувязі з будучым юбілеем. Камісіі высвятлялі на месцы, у якім стане знаходзіцца музей М. Гарэцкага. Тады ж было прапанавана ўзяць музей пад ахову дзяржавы, надаць яму статус рэспубліканскага, утварыць у Багацькаўцы ахоўную зону з захаваннем навакольнага асяроддзя.
15 студзеня 1993 г. быў выдадзены загад №5 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб філіялах Аб’яднання дзяржаўных літаратурных музеяў Беларусі”. У ім, у прыватнасці, было запісана: “У апошнія часы з набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці і суверэнітэту, а таксама з пачаткам руху па адраджэнні беларускай гісторыі, культуры і мовы вялікую цікавасць грамадства выклікае справа вяртання забытых імёнаў выдатных дзеячаў беларускай літаратуры, яе даследчыкаў, кампазітараў”. У сувязі з новымі падыходамі да музейнай справы Аб’яднанню літаратурных музеяў прадпісвалася праграма па ўзнаўленні і музеяфікацыі мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Чорнага, І. Буйніцкага, С. Манюшкі, Б. Тарашкевіча і іншых. Асобным пунктам гэтага службовага дакумента быў загад стварыць у в. Багацькаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці музей-сядзібу Максіма Гарэцкага як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, які на той час быў галаўной арганізацыяй у Аб’яднанні дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь.
18 лютага 1993 г. падчас правядзення на Магілёўшчыне ўрачыстасцей з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння М Гарэцкага Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў Багацькаўцы быў афіцыйна адкрыты. Ён размяшчаецца ў драўлянай хаце, адноўленай на месцы былой сядзібы сям’і Гарэцкіх, якая ўяўляе сабой вясковую жылую пабудову ў традыцыях канца ХІХ ст. Каля хаты на бетонным падмурку ўстаноўлены трохкутнік-паказальнік з надпісам: “Музей-сядзіба М. Гарэцкага”. Побач знаходзіцца калодзеж з жураўлём, які існаваў тут спрадвеку. На сцяне пры ўваходзе ў хату прымацавана мемарыяльная дошка (аўтар Э. Астаф’еў). Гэта невялічкі барэльеф з выявай М. Гарэцкага і надпісам: “Тут стаяла хата, у якой 18 лютага 1893 года нарадзіўся класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі”.
Экспазіцыйная плошча музея 79,1 кв.м. Экспазіцыя (яе аўтар – М.І. Пратасевіч) размешчана ў дзвюх залах і складаецца з літаратурнай часткі, якая прадстаўляе асноўныя этапы творчай біяграфіі пісьменніка, і этнаграфічнай – з увядзеннем у інтэр’ер дакументальнага матэрыялу. Крыніцамі дакументальных звестак для яе стварэння з’явіліся ўспаміны брата М. Гарэцкага Гаўрылы, дачкі пісьменніка Галіны, яго жонкі – дзіцячай пісьменніцы Л. Чарняўскай-Гарэцкай і малодшага брата Парфірыя. У 2007 г. літаратурная частка музея была адноўлена з удзелам Р. Гарэцкага, пляменніка М. Гарэцкага. У ёй паказаны перыяды жыцця і творчасці М. Гарэцкага: багацькаўскі і першы горацкі (1893–1913) – дзяцінства ў Багацькаўцы, вучоба ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, літаратурны дэбют пісьменніка; першы віленскі (1913–1914) – праца каморнікам на Віленшчыне, потым Першая сусветная вайна, служба ў царскай арміі, выданне першага зборніка “Рунь”; смаленскі перыяд (1917–1919) – выданне “Руска-беларускага слоўніка”, сустрэчы з Я. Купалам; другі віленскі (1919–1923) – выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі, праца над “Гісторыяй беларускае літаратуры”, драматычнымі абразкамі, стварэнне вострапраблемных артыкулаў, Лукішская турма; першы мінскі (1923–1925) – праца ў Інбелкульце, выкладанне беларусазнаўства на рабфаку БДУ; другі горацкі перыяд (1926–1928) – праца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках; другі мінскі (1928–1930) – праца ў Акадэміі навук БССР, арышт, Мінская турма; вяцкі (1931–1935) – праца ў высылцы; кіраўскі (1935–1937) – выкладанне, арышт, расстрэл.
У экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя матэрыялы і копіі, у тым ліку пачатку мінулага стагоддзя: фотаздымкі, дакументы, рукапісы твораў («У лазні», «Жалобная камедыя» і інш.), кнігі, газетныя нататкі, паштоўкі, лісты. Сярод экспанатаў кнігі М. Гарэцкага «Рунь», «На імперыялістычнай вайне», «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка», «Дзве душы», «Гісторыя беларускае літаратуры» і інш., літаратуразнаўчыя даследаванні спадчыны братоў Гарэцкіх ХХ – пачатку ХХІ стст., зборнікі Міжнародных Гарэцкіх чытанняў, успамінаў і інтэрв'ю, фотаздымкі.
Другая частка музея – этнаграфічна-побытавая экспазіцыя, якая ўяўляе сабой інтэр’ер сялянскай хаты, тыповы для в. Малая Багацькаўка. У хаце дзве палавіны, пасярэдзіне – сені. У цёплай палавіне і аформлена этнаграфічна-побытавая экспазіцыя пра сям’ю Гарэцкіх. Па сведчанні спецыялістаў, мемарыяльных рэчаў сям’і амаль не захавалася, таму выкарыстаны аналагічныя, сабраныя на Мсціслаўшчыне і перададзеныя ў музей з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Магілёўскага абласнога краязнаўчага і Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музеяў. Для папулярызацыі музея ў родавай сядзібе Гарэцкіх шмат сіл і натхнення аддаў аматар краязнаўства з Горак У. Ліўшыц. У 1993 г. ён выпусціў манаграфію “Максім Гарэцкі: жыццё і творчасць”. У 1997 г. падрыхтаваў і выдаў кароткі даведнік “Літаратурны музей Максіма Гарэцкага”.
На сучасным этапе існавання музея выявілася новая праблема. У апошні час арганізаваныя экскурсіі прыязджаюць да сядзібы Гарэцкіх не так часта, як раней. Рэспубліканская падпарадкаванасць музея ў Багацькаўцы і адсутнасць у ім штатных экскурсаводаў у пэўнай ступені стрымліваюць намеры мсціслаўцаў рэалізаваць планы па развіцці ў родным краі турыстычнай галіны. У Мсціслаўскім раёне распрацавалі новы маршрут да сядзібы-музея Максіма Гарэцкага. Аб гэтым расказала на старонках газеты “Рэспубліка” начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Н. Біскуп: “Нам хочацца, каб да легендарнай Малой Багацькаўкі народная сцежка не зарастала. Таму нашы супрацоўнікі распрацавалі надзвычай цікавы маршрут, адной са старонак якога можа стаць гэты гісторыка-літаратурны аб’ект. Да яго вандроўнікі пройдуць ці праедуць па вельмі прыгожых і цікавых мясцінах, а заадно ўбачаць пародзістых рысакоў на “Конезаводзе-120”, зону адпачынку ў Дубраве, дзівосную Белкаву крынічку…, пабываюць у Пустынкаўскім манастыры, наведаюцца ў вёску Слаўнае, дзе дагэтуль захавалася “літаратурная славутасць”, апісаная ў некалькіх творах Максіма Гарэцкага,– драўляная царква Прарока Іліі, узор сталага класіцызму першай паловы ХІХ стагоддзя”.*
З 2011 г. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў в. Багацькаўка з’яўляецца філіялам Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея.
* Рэспубліка. – 2010. – 13 лютага. – С. 7.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
