1 ліпеня 1569 г. была падпісана Люблінская ўнія – саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім (ВКЛ) і Польскім каралеўствам, у выніку якога ўтварылася федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Пасля яе заключэння польскія феадалы пачалі ажыццяўляць палітыку захопу беларускіх і ўкраінскіх зямель, акаталічвання і паланізацыі насельніцтва, якое было пераважна праваслаўным. Рэзка пагоршылася становішча сялянства і гарадскіх жыхароў. З другой паловы ХVІ ст. сталі больш частымі антыфеадальныя выступленні, якія набывалі разнастайныя формы: уцёкі сялян ад сваіх уладальнікаў, супраціўленне зямельным рэформам (так было пры прыняцці «павалочнай памеры»), адмовы ад выканання паншчыны. Мелі месца і асобныя выпадкі ўзброеных выступленняў. Барацьба, накіраваная супраць польскіх магнатаў, шляхты і іх палітыкі часам перарастала ў нацыянальна-вызваленчы рух.
У 1594 г. успыхнула буйное антыфеадальнае казацка-сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам С. Налівайкі. Ён нарадзіўся ў мястэчку Гусяцін (Падолія) у сям'і рамесніка-кушняра. Служыў у войску К. Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 г. аб'яднаў нерэестравых казакоў у атрад, з якім удзельнічаў у паходзе ў Малдавію і Трансільванію. Пасля вяртання ў 1595 г. узначаліў антыфеадальны рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гарадскіх нізоў казакі захапілі Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх сядзіб на Падоллі і Валыні, у тым ліку маёнтак кароннага канцлера Я. Замойскага. У кастрычніку паўстанцкі рух ахапіў усю Брацлаўшчыну, Кіеўшчыну і Валынь. Казацкае войска, якое налічвала 12 тыс. чалавек, захапіла Кіеў, Гусяцін, Канеў, Бар, Луцк і іншыя гарады. Убачыўшы вялікую пагрозу, урад Рэчы Паспалітай паслаў супраць паўстанцаў сямітысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р. Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, С. Налівайка накіраваў казакоў на тэрыторыю паўднёвай Беларусі, дзе да яго далучыліся мясцовыя сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Першым горадам, які быў захоплены паўстанцамі, стаў Петрыкаў. 6 лістапада 1595 г. яны занялі добраўмацаваны Слуцк, 13 снежня штурмам авалодалі Магілёвам, які ўтрымлівалі два тыдні. 25 снежня да горада падышло ўрадавае войска пад камандаваннем рэчыцкага старасты М. Буйвіда. У бітве на Буйніцкім полі пад Магілёвам казакі змагаліся мужна, але вымушаны былі адступіць у напрамку Быхаў – Рагачоў – Рэчыца – Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, паўстанцы захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На паўднёвым усходе Беларусі дзейнічалі казацка-сялянскія атрады пад кіраўніцтвам М. Шавулы. Яны падтрымлівалі С. Налівайку і вялі баі каля Гомеля і Прапойска (сучасны Слаўгарад). 2 красавіка 1596 г. атрады злучыліся каля Белай Царквы і пачалі разам адступаць. Яны рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу, аднак войскі гетмана С. Жалкеўскага адрэзалі шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мястэчка Лубны. Пад націскам урадавых войск паўстанцы былі акружаны. Асада іх лагера працягвалася амаль два тыдні. 7 ліпеня 1596 г. частка казацкай старшыны, спадзяючыся на каралеўскую амністыю, выдала С. Налівайку, М. Шавулу і іншых кіраўнікоў паўстання гетману С. Жалкеўскаму. У час перагавораў польскае войска раптоўна напала на казацкі лагер. Тысячы паўстанцаў разам з жонкамі і дзецьмі былі забіты. Толькі невялікі атрад на чале з К. Крэмпскім вырваўся з акружэння і адступіў на Запарожжа. Севярын Налівайка і яго паплечнікі, выдадзеныя здраднікамі, былі адвезены ў Варшаву і там пасля жорсткіх катаванняў пакараны смерцю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.